Друкаваць гэтую старонку
Серада, 24 Снежань 2025

Былая зняволеная распавяла пра ўмовы ўтрымання "палітычных" у віцебскіх ІЧУ і СІЗА

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Беларусі ўжо пяць з паловай гадоў палітычныя затрыманні застаюцца часткай паўсядзённай рэчаіснасці. Разам з імі нязменнымі застаюцца і ўмовы ўтрымання: перапоўненыя камеры, адсутнасць сродкаў гігіены і зменнай бялізны, сон на падлозе або на халодных жалезных ложках без матраца, дні без прагулак і душа. Акрамя гэтага, на іх увесь час з моманту затрымання аказваецца фізічны і псіхалагічны ціск. Такія ўмовы спецыяльна створаны не толькі ў Мінску, але і ва ўсіх рэгіёнах краіны. Жанчына, якой давялося зведаць умовы ўтрымання "палітычных" у ІЧУ і СЗА  Віцебска, распавяла пра гэта «Вясне». 

Былая зняволеная кажа, што ў Віцебскім ізалятары часовага ўтрымання  "палітычным забароненыя перадачы, не выдаецца матрац і пасцельная бялізна. Калі ў камеру засяляюць палітычную, ва ўсіх астатніх арыштантак забіраюць літаратуру і цыгарэты. Увесь тэрмін арышту палітычным даводзіцца спаць на халодных жалезных ложках. Акрамя гэтага, з імі катэгарычна забаронена дзяліцца ежай, прадметамі асабістай гігіены, адзеннем і нават коўдрай. Гэта, са слоў жанчыны, стварае дадатковы маральны ціск з боку не толькі аховы, але і сакамерніц. У выпадку, калі хтосьці вырашае падзяліцца, ахова адбірае гэтыя прадметы ў таго, хто гэта зрабіў. Кожныя дзве гадзіны палітычныя павінны распавядаць свой "прафулік" у дзвярную фортку. Нават пасярод ночы некалькі разоў раздаецца грук дубінкі, які заклікае іх устаць і даць справаздачу. Пры ранішніх і вячэрніх праверках, калі ўсіх выводзяць з камеры для дагляду памяшкання на наяўнасць забароненых прадметаў, перад выхадам на палітычных надзяваюцца кайданкі праз дзвярную фортку".

 Іншых арыштантак на час праверкі выводзяць без кайданкоў. У калідоры затрыманых ставяць уздоўж сцяны каля камеры ў спецыяльным становішчы для надгляду. Звычайны рэжым прадугледжвае позу: ногі шырэй плечаў, рукі на сцяну і невялікі нахіл. Але палітычных у кайданках прымушаюць прымаць становішча 90/90: нахіл тулава на 90 градусаў і рукі таксама на 90 градусаў адносна тулава за спіной ўверх. Пры мне не раз пры даглядзе, супрацоўнікі дазвалялі сабе біць жанчын па нагах і груба карэктаваць позу, суправаджаючы гэта крыкамі і матам. Усе перамяшчэнні па калідорах адбываюцца ў такой жа позе (90/90) і ў кайданках".

У віцебскім СІЗА-2, адзначае жанчына,  стаўленне да палітычных крыху мякчэйшае. Там выдаюць матрац, дазволеныя перадачы. Але з перадач аддаюць далёка не ўсё, а "на сваё меркаванне". Пры гэтым да ўступлення прысуду ў сілу заканадаўства не прадугледжвае абмежаванняў на атрыманне перадач. "Маглі спытаць:" ад каго ў цябе можа быць перадача?» І калі чалавек не адгадваў, то не аддавалі. Лісты таксама аддаюць далёка не ўсе. Могуць напісаць рапарт за выдуманае адхіленне ад Правілаў унутранага распарадку на роўным месцы.Як толькі ў камеры з'яўляецца палітычная, аператыўнікі пачынаюць выклікаць астатніх зняволеных на гутаркі і распытваць пра падрабязнасці справы. Прапануюць "пагадненне" зняволеным для атрымання інфармацыі. Праз гэта палітычныя часта "вандруюць" з камеры ў камеру, для таго, каб знайсці добрую "падсадную качку", якая выведае інфармацыю", - распавяла былая зняволеная.