Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 09 Снежань 2025

Наталля Макавецкая, маці экс-палітвязня з Віцебска, просіць дапамогі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

55-гадовая Наталля Макавецкая была вымушана выехаць з Беларусі год таму – пасля шасцігадзінавага допыту і чарговага ператрусу. На той час яе сын Уладзіслаў Макавецкі, былы палітзняволены, які цалкам адбыў прызначаны судом тэрмін, ужо жыў у Польшчы. Наталля вырашыла ехаць да сына. У Польшчы яна падала дакументы на міжнародную абарону, але польскія улады, кіруючыся дублінскім пагадненнем, вырашылі перадаць яе справу ў Чэхію, якая выдала жанчыне шэнгенскую візу. У Чэхіі ў Наталлі нікога няма, таму яна падала апеляцыю і чакае рашэння. Працаваць у Польшчы ў гэты час яна не мае права.

Грошы на юрыдычнае суправаджэнне Наталля была вымушана пазычыць. Яшчэ адна вострая неабхлднасць – гэта набыццё слыхавога апарату, бо пасля перанесенага грыпу адбылося ўскладненне – значная пагаршэнне слыху. 

Жанчына просіць фінансавай дапамогі на адносна невялікую суму - €2000. Яна распавяла сваю гісторыю на сайце BYSOL, праз яго можна падтрымаць адважную жанчыну-віцяблянку, якая аддана падтрымлівала свайго сына і іншых палітвязняў у зняволенні.  

Уладзіслаў Макавецкі быў асуджаны да 2-х гадоў калоніі паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса РБ — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Падчас судовага працэсу ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска супраць хлопца сведчылі малодшы сяржант міліцыі Аляксандр Пятроўскі і старшы сяржант Дзмітрый Фядотаў. Яны цвердзілі,  што 6 верасня 2020 года падчас вулічнага шэсця на вуліцы Праўды ў Віцебску ён перашкаджаў законным дзеянням пацярпелых, схіляў іх да змены характару гэтай дзейнасці, замахваўся на Фядотава «рукамі і нагамі», спрабаваў нанесці яму траўмуючае ўздзеянне, вусна пагражаў яму. Таксама міліцэйскай гумовай палкай, якую падняў з зямлі, замахнуўся ў бок Пятроўскага. Свае віны Макавецкі на прызнаў.

 У дзяржСМІ хлопца спрабавалі выставіць аматарам фашыстоўскай сімволікі. Толькі за тое, што ён меў калекцыю артэфактаў ваеннага часу, якія рэстаўраваў (Уладзіслаў Макавецкі мае мастацкую адукацыю). Гэтыя рэчы былі канфіскаваныя  падчас ператрусу на этапе следства.

Палітзняволены адбываў пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі №22, вядомай як «Воўчыя норы».

Андрэй Кот