Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 01 Верасень 2025

Памёр Юрый Конышка, найстарэйшы грамадскі актывіст з Оршы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Аршанскага прыхільніка Зянона Пазняка і дэмакратычных перамен у родным горадзе не стала 21 ліпеня, але пра гэтую сумную навіну стала вядома толькі цяпер. Юрый Конышка пайшоў у лепшы свет на 80-м годзе жыцця, пакінуўшы па сабе добрую памяць ва ўсіх сяброў і блізкіх.

”Віцебская вясна” часта пісала пра падзеі з ягоным удзелам,  і ў Оршы ён быў  прыкметнай асобай. Інвалід з дзяцінства, ен заўважна кульгаў, і перасоўваўся пераважна на ровары. Шмат гадоў працаваў  кухарам, і да апошніх год любіў  гэты занятак. Пад сваімі  вокнамі у звычайным пяціпавярховіку на ўскраіне  горада ён разбіў маленькі гародчык - бо на пенсію надта добра не пражывеш. Але як бы цяжка не было, Юрый Конышка заўсёды ставіўся з аптымізмам да любых выпрабаванняў.  

У 2017 годзе, ужо 73-гадовым пенсіянерам,  ён стаў адным з удзельнікаў аршанскага Маршу недармаедаў. За гэта суд аштрафаваў Юрыя Конышку на 115 рублёў - на той час 5 базавых велічынь. Яшчэ раней яго судзілі за ўдзел у пікеце з плакатам “Лукашызм знішчае Беларусь”.

 Юрый Конышка быў адным з самых першых  удзельнікаў акцый памяці па ўшанаванні ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на Кабыляцкай гары, якія праводзіліся ў Оршы яшчэ з канца 1980-х. У 2002 годзе ён па ўласнай ініцыятыве вырашыў запрасіць на Дзяды аршанцаў праз мясцовы тэлеканал  “Скіф”. Ен замовіў платную абвестку і заплаціў за гэта  свае ўласныя грошы.    Але абвестку да эфіру не дапусцілі: нягледзячы на тое, што тэлекампанія мела недзяржаўны статус,  супрацоўнікі патэлефанавалі ў выканкам і “параіліся” з уладамі. У выканкамі, канешне, забаранілі даваць такую абвестку. Страчаныя грошы Конышку давялося “выбіваць” праз суд, і ён перамог. Гэтая гісторыя  разляцелася вельмі хутка, і пра месца забойстваў бязвінных ахвяраў даведалася ў шмат разоў болей землякоў, чымсьці магло ўбачыць па тэлевізары...     

 Пра Юрыя Конышку можна распавядаць доўга - як ён на сваім ровары распаўсюджваў незалежныя выданні, як прыязжаў на ім на ўрачыстасці з нагоды Аршанскай бітвы, як удзельнічаў практычна ва ўсіх мерапрыемствах, якія ладзіла аршанская дэмакратычная супольнасць. Няхай добрыя справы гэтага прынцыповага і адважнага чалавека застануцца ў нашай памяці.

Юрка Жмых