”В Сенно по улице Красный Октябрь отремонтирован участок дороги”, - гэта назва артыкула ў раённай газеце. Мясцовым жыхарам паведамляюць “сенсацыйную навіну”: пакладзена 320 метраў новага асфальту. Для ўзмазнення эфекту ўдакладняецца, што вага асфальту на гэтым участку - 350 тон. Цікаўныя могуць знайсці ў інтэрнэце адмысловы калькулятарі самастойна разлічыць вагу і колькасць асфальта, пакладзенага у Сянно на вуліцы Чырвоны Кастрычнік - і любы з іх пакажа, што апошняя лічба выразна завышаная.
Але пакінем тэму з расходам будаўнічых матэрыялаў убаку. Бо найперш на сябе звяртае ўвагу ўрачысты тон артыкула: і кіроўцы ўжо ацанілі камфорт на дарозе, і дарога гэта не простая , я вядзе у “излюбленное место отдыха горожан и гостей райцентра – парк 40-летия Победы”. Миж тым, а сфальтаванне вуліц - гэта працы “дарожнікаў”, прадугледжаныя гадавым планам і размеркаваннем раённага бюджэту. Так што асаблівага “дасягнення” у Сянно не здзейснілі.
У лістападзе мінулага году мы згадвалі, як вушацкая раённая газета “Патрыёт” пісала пра такое ж “дасягненне” у не менш высакапарным ключы: «Ажыццяўленнем мары называюць у Глыбачцы асфальтаванне адразу некалькіх працяглых вуліц». Дарэчы, у тым артыкуле мы параўноўвалі кошты на ўкладку асфальту і выдаткі на новую Плошчу герба і сцяга, нядаўна адкрытую ў Віцебску.
У тым жа лістападзе 2024-га мы адзначалі і артыкул у шумілінскай раённай газеце «Герой працы» - яна з захапленнем апісвала, як «па просьбах вяскоўцаў адрамантавалі дарогу». Тае дарогі, якая знаходзіцца ў Каўлякоўскім сельсавеце, было ўсяго 853 метры. І новага асфальту мясцовыя жыхары дабіваліся 12 гадоў.
Аднак цяпер у Сянно хваляцца і куды меншым “метражом”...
Марына Стоцкая