Артыкулы пра “дрэнную Польшчу” з’яўляюцца ў дзяржСМІ Віцебскай вобласці штодзенна і сінхронна: іх публікуюць розныя выданні - ад абласной газеты да “раёнак”. У гэтых публікацыях няма спробаў аналізу, сітуацыя малюецца спрэс чорнымі фарбамі.
Мэта выразная: зняважыць прэзідэнцкія выбары ў суседняй дзяржаве, каб выклікаць у чытачоў супрацьпастаўленне - маўляў, у Беларусі яны праходзяць чэсна і дэмакратычна.
Застаецца хіба дадаць, што дробныя нападкі на Польшчу ўжо працяглы час з’яўляюцца трэндам у мясцовай дзяржаўнай прэсе. Да прыкладу , чаго вартыя адны толькі назвы відэаролікаў на Youtube-канале абласной газеты “Вести не молчат”: “Шокирующие подробности ужасов на польской границе”, “ Нахлебники. Украинцы оккупировали Польшу”, “ Черный бизнес. Белорусов вербуют и обманывают”, “На границе с Беларусью 6 тысяч польских солдат”. Аўтар і вядучы гэтага канала - былы галоўны спецыяліста ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, а цяпер загадчык інфармацыйна-аналітычнага аддзела абласной газеты Святаслаў Міхайлаў. За гэты праект прапагандыст абвешчаны пераможцам абласнога журналістцкага конкурсу, а ягоны відэаблог прызнаны “найлепшым творчым праектам”.
Аляксандр Падзвінскі