Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 22 Жнівень 2021

МУС выхваляецца, што выявіла яшчэ аднаго грамадзяніна, які «публічна абразіў работніка міліцыі»

Ацаніць гэты матэрыял
(9 галасоў)

Упраўленне ўласнай бяспекі па Віцебскай вобласці МУС паведамляе, што ідэнтыфікавала асобу жыхара Наваполацку, які ў сетцы Інтэрнэт «дапусціў зняважлівыя выказванні на адрас супрацоўніка міліцыі ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў». Прынамсі гэтак трактуе дзеянні навапалачаніна следства.

Гэтым правапарушальнікам аказаўся 42-гадовы працаўнік аднаго з акцыянерных таварыстваў Наваполацку, які ў чэрвені 2021 году ў сацыяльнай сетцы пакінуў абразлівы каментар пра начальніка ІСН Аршанскага РУУС Дзмітрыя Вішнеўскага. Мужчына раскаяўся ва ўчыненым і прынёс свае прабачэнні  падпалкоўніку Вішнеўскаму - начальніку інспекцыі ў справах непаўналетніх, сцвярджае ведамства. 

Праваабаронцы адзначаюць, што раскаянне і прабачэнні перад пацярпелым не прадугледжаныя дзейным крымінальным заканадаўствам. Да таго ж - гэта парушэнне з боку праваахоўных органаў прэзумпцыі невінаватасці, бо віна абвінавачанага не была яшчэ даказаная ў судзе.

Тым не менш, следчым органам у дачыненні мужчыны распачатая крымінальная справа паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь па факце публічнай абразы прадстаўніка ўлады.

Калі ў судзе будзе даказаная віна навапалачаніна, яму будзе пагражаць максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да трох гадоў.

Лявон Яфрэменка