Ірыну Злобіну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці) і ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве). У Андрэя Аляксандрава, акрамя гэтых артыкулаў, было яшчэ два: ч. 1 арт. 361‑1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) ды ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў).
У кастрычніку 2022 г. журналіста асудзілі на 14 гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. Віны Андрэй Аляксандраў не прызнаў. Ен адбываў пакаранне ў наваполацкай ПК-1. Ірыне Злобінай суд прызначыў 9 гадоў зняволення.
Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў Ніжнім Тагіле, але дзяцінства правёў у Паставах, там скончыў школу. Вучыўся на гісторыка-філалагічным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаў ступень магістра медыяменеджменту ў Вестмінстэрскім універсітэце ў Лондане.
Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку.
У 2009—2012 гг. з’яўляўся намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. Быў супрацоўнікам міжнародных арганізацый Index on Censorship і Article 19. У 2015—2018 гг. быў намеснікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Са жніўня да лістапада 2020 г. Аляксандраў і Злобіна супрацоўнічалі з краўдфандынгавай платформай BY_help, якая дапамагала ўдзельнікам пратэстаў супраць сфабрыкаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года выплачваць адміністрацыйныя штрафы за ўдзел у акцыях.
Андрэя Аляксандрава, Ірыну Злобіну, а таксама ўраджэнку Віцебска Яну Пінчук у ліку 25-ці іншых зняволеных вызвалілі з-за кратаў 16 верасня па выніках двухдзённых перамоў спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам.
Галіна Вазоўкіна