Як паведамляе Тэлеграм-канал @viasna96, першапачаткова пракурор патрабаваў для жанчын па 2,5 года пазбаўлення волі. Апрача пакарання зняволеннем, на абедзвюх жанчын суд наклаў штрафы.
Раней паведамлялася, што іх справа можа быць звязана з рашэннем КДБ прызнаць «Беларускую аналітычную майстэрню» прафесара Андрэя Вардамацкага «экстрэмісцкім фармаваннем». Гэтая арганізацыя праводзіла сацыялагічныя апытанні сярод беларускіх грамадзян. Жанчын абвінавачвалі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).
Вядома, што апошнія сацыялагічныя апытанні «Беларуская аналітычная майстэрня» праводзіла ў сакавіку-красавіку мінулага года. Летась 16 мая КДБ прызнаў гэтую арганізацыю “экстрэмісцкім фармаваннем”, хаця афіцыйна пра гэта было паведамлена толькі 21 траўня, а на наступны дзень па АНТ ужо паказалі прапагандысцкі сюжэт пра “шкодную” дзейнасць гэтай структуры – відавочна, падрыхтаваны загадзя.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ціну Палынскую і Маргарыту Рабіновіч палітычнымі зняволенымі.
13 кастрычніка 2025 году стала вядома, што ў Полацку памёр муж Ціны — пісьменнік Алесь Палынскі.
Ціна Палынская – былая журналістка, але даўно не працавала ў гэтым накіруну. Яна выконвала прыватныя замовы па стварэнні біяграфічных нарысаў і сямейных кніг, працавала ў архівах.
5 чэрвеня 2022 года дома ў Палынскіх быў праведзены ператрус, 6 чэрвеня, падчас сустрэчы палачан з кіраўніком Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі, журналістку затрымалі міліцыянты, якія заўважылі ў яе на сумцы і на фотаапараце жоўтыя і блакітныя стужкі. 7 чэрвеня адбыўся суд, і Ціну Палынскую аштрафавалі за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне на 100 базавых велічыняў (3 200 беларускіх рублёў).
Эмілія Протас