Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 29 Студзень 2026

Палітвязень з Оршы абвяшчаў галадоўку з-за ціску пасля скаргі ў Міністэрства адукацыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Палітзняволены  Аляксандр Камлёнак скардзіўся ў Міністэрства адукацыі на забарону навучання. У той час ён адбываў прысуджаны тэрмін пакарання ў сумнавядомай ПК-22 «Ваўчыныя норы» ў Івацэвіцкім раёне. Раней у калоніі працаваў філіял Івацэвіцкага каледжа, дзе асуджаныя маглі вучыцца працоўным прафесіям (зваршчык, тынкоўшчык і інш.), але для палітвязняў гэтая магчымасць нядаўна стала недаступнай.

Зварот у Міністэрства адукацыі палітвязень накіраваў неафіцыйным шляхам, бо адміністрацыя калоніі не прапускае скаргі. Пасля гэтага Аляксандра выклікалі на допыты, патрабавалі растлумачыць, як ён змог адправіць зварот, і змясцілі ў ШІЗА. У знак пратэсту ён аб'явіў галадоўку і 11 дзён нічога не еў, піша  рэсурс  dissidentBY .

Пасля гэтага палітвязня этапавалі ў наваполацкую ПК-1, дзе зноў адправілі ў ШІЗА. Аляксандр Камлёнак  знаходзіцца за кратамі ўжо два гады. У жніўні 2024 года ён быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі па двух крымінальных артыкулах - абраза Лукашэнкі і фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці. Першапачаткова мужчыну вінавацілі яшчэ і паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), але ў канчатковым выраку гэты артыкул ужо не фігуруе. Гэта стала вядома пасля таго, як 16 лістапада 2024 г. імя і прозвішча Аляксандра Камлёнка з'явілася ў пераліку асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», на сайце МУС.

Камлёнак быў затрыманы ў лютым 2024 г., калі ён вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы: мужчына быў дальнабойнікам у заходніх краінах. Раней Аляксандр працаваў у лакаматыўным дэпо, але пасля 2020 года быў або звольнены, або сам звольніўся — падобна, што звальненне было палітычна матываваным.

17 траўня 2024 г. суд Верхнядзвінскага раёна прызнаў "экстрэмісцкай" старонку Аляксандра ў "Аднакласніках". 

Іван Чайка