Друкаваць гэтую старонку
Субота, 27 Снежань 2025

Выйшаў першы публічны відэавыступ Паўла Севярынца на ягоным уласным Telegram-канале

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Палітвязень быў вызвалены сёлета 13 снежня. Спачатку яго прымусова вывезлі ва   Ўкраіну, а потым па яго жаданню перавезлі ў Вільню, дзе ён сустрэўся з сям'ёй пасля 5-ці з паловай год зняволення.  Цяпер экс-палітзняволены ўраджэнец Оршы, вядомы палітык, заснавальнік БХД знаходзіцца ў Вільні.  Ен стварыў уласны Тэлеграм-канал, дзе і апублікаваў  першы публічны відэазварот.

Гэты Тэлеграм-канал створаны толькі сення, 27 снежня, і за некалькі гадзін на яго ўжо падпісаліся больш за 300 чалавек. У відэазвароце Павел Севярынец  усім дзякуе за падтрымку і называем “беззаконнем” прымусовую дэпартацыю з Беларусі.  Пра зняволенне ён распавядае, што ўвесь час прынцыпова размаўляў па-беларуску, што прашэння аб памілаванні ён не пісаў, што непахісна верыць у вяртанне на Радзіму  і ў тое, што зло будзе пакараным.

Відэазварот сканчваецца вершам 

«Дзеці святла».

Мы, беларусы — як дзеці,
Прывыклі не памятаць зла,
Святлей за ўсіх на свеце,
Бо мы — дзеці святла.

Любім паболей белі
Ад ложка да стала.
А што вы яшчэ хацелі:
Беларусы — дзеці святла.

Любім ясныя вочы
І белазубы смех,
Любім лён і малочку,
Любім зімою снег.

Любім бульбу і кашы,
Любім цукар і соль,
Любім ворагаў нашых,
Любім пакуту і боль.

Любім у Будславе фэсты,
Усе святы календара,
Любім, калі нявеста
У белым ля алтара.

Любім ззянне арганаў,
Любім успышкі пагонь,
І каб герой — беззаганны,
І каб ляцець — на вагонь.

Усё высвятляецца проста,
Без павелічальнага шкла:
Наша святло — гэта Госпад.
Беларусы — дзеці Святла.

Нагадаем, ураджэнец Оршы, вядомы палітык, заснавальнік БХД, літаратар і публіцыст, экс-палітвязень Павел Севярынец быў затрыманы ў чэрвені 2020 года. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса РБ— Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках і асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі спачатку ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, а потым перавялі ў турму.

Яўген Смалячынскі