Асобы ў масках забралі палітыка з мяжы і павялі ў невядомым накірунку. Адна з версій - што яго зноў вярнулі ў глыбоцкую калонію, дзе ён абываў прысуджаны тэрмін. Але гэта інфармацыя нічым не пацверджана.
Адразу пасля таго, як у інтэрнэце з’явілася навіна пра тое, што Статкевіч адмаўляецца пакідаць Беларусь, некалькі праўладных інтэрнэт-рэсурсаў пачалі настойваць, што ён усе-ткі пагадзіўся выехаць за мяжу. Гэта аніяк не адпавядала рэчаіснасці, і жонка палітыка Марына Адамовіч пачала яго шукаць. Яна шукала мужа ў ізалятары ў Ашмянах і ў ІЧУ на Акрэсціна, рабіла запыт да адміністрацыі ПК-13 у Глыбокім, але адтуль ёй адказалі, што афіцыйны адказ дашлюць на працягу 15-ці дзён. Таксама Марына Адамовіч падала заяву аб знікненні чалавека ў міліцыю, але ніякага адказу яна не атрымала таксама.
17 верасня сам Аляксандр Лукашэнка асабіста прызнаў, што Мікалай Статкевіч у Беларусі, але дзе менавіта і ў якім стане — не агучыў.
Уся гэтая гісторыя выклікае апасенні ўжо даму, што да 11 верасня Статкевіча на працягу некалькіх год трымалі ў рэжыме інкамунікада. І толькі ад вызваленых палітзняволеных, з якімі разам палітыка трымалі цягам ночы да дэпартацыі, стала вядома, што ў яго істотна пагоршыўся стан здароўя. У зняволенні ён тройчы перахварэў на ковід, перанёс пнеўманію, меў вострыя праблемы з сэрцам, але не быў абследаваны належным чынам, таму не выключае, што ў яго быў інфаркт. Нават ранкам 11 верасня ў Статкевіча быў прыступ арытміі, але на той момант, калі ён адмаўляўся пераходзіць з беларускага на літоўскі бок, палітык выглядаў упэўнена і цверда заяўляў, што ягонае месца - толькі ў Беларусі.
Арцём Галавін