Дзяніс Цыбульскі быў 5 разоў асуджаны за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе – у Мінску і ў Паставах.
Пасля гэтага, 22 сакавіка 2023 года быў асуджаны судом Заводскага раёна г. Мінска па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Яго справу разглядала суддзя Жанна Хвайніцкая. Дзяніса Цыбульскага асудзілі да «хатняй хіміі».
Гэты прысуд ён спрабаваў аспрэчыць, але ў дзень разгляду апеляцыйнай скаргі яго чарговы раз затрымалі за «экстрэмізм у інтэрнэце». У якасці пакарання па адміністрацыйных справах, распачатых па ч.2 арт.19.11 КаАП, ён адбыў адзін за адным два адміністрацыйныя арышты – за «лайкі» пад так званай «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» у «Одноклассниках» і за спасылкі «Хартия97». Паводле Цыбульскага, такіх спасылак на ягонай старонцы не было, і справу супраць яго сфабрыкавалі.
23 чэрвеня 2023 года яго прозвішча ўнеслі ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
У верасні 2023 Цыбульскага зноў затрымалі па крымінальным абвінавачанні. У прыватнасці, за тое, што ён назіраў за ходам палітычных працэсаў у судах Віцебшчыны. Па версіі следства, ён перадаваў атрыманыя звесткі прадстаўнікам праваабарончых структур.
Летась у траўні-чэрвені Цыбульскага разам з глыбоцкім трэнерам і бодзібілдарам Аляксандрам Шарабайкам і пастаўчанінам Андрэем Стабулянцам судзілі ў Віцебскім абласным судзе. У залежнасці ад ролі кожнага, мужчын прызналі вінаватымі паводле арт. 368 КК РБ (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 369 КК РБ (абраза прадстаўніка ўлады) і ч.3 арт. 361-1 КК РБ (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Яўген Буруноў. У выніку Дзянісу прысудзілі пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму. Дакладны тэрмін невядомы (каля пяці гадоў). Ен адбывае пакаранне ў магілёўскай ПК-15.
Леў Міхайлаў