Друкаваць гэтую старонку
Серада, 25 Чэрвень 2025

Пяць гадоў за кратамі трымаюць палітвязня Ігара Лосіка

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Стваральніка канала «Беларусь галаўнога мозгу» арыштавалі 25 чэрвеня 2020 года ў Баранавічах — яшчэ да пачатку пратэстаў, — асудзілі да 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму  і накіравалі ў наваполацкую ПК 1. Лосіка  прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя масавых беспарадкаў і арт. 130 Крымінальнага кодэкса — Распальванне варожасці ці варажнечы.

Ігара Лосіка “прывязалі” да  «справы Ціханоўскага» - разам з Міколам Статкевічам, асуджаным да 14 гадоў зняволення, якога ўжо некалькі год трымаюць у рэжыме інкамунікада.  Сяргея Ціханоўскага асудзілі да 18 гадоў калоніі, але днямі ў ліку 14-ці памілаваных ён выйшаў  на волю. Верагодным выглядала і датэрміновае вызваленне Ігара Лосіка, аднак ён па-ранейшаму застаецца ў няволі.

 Вядома, што яшчэ да суду,  у СІЗА,  Ігар Лосік трымаў некалькі галадовак. Яго жонка Дар’я Лосік давала інтэрв’ю замежным і беларускім незалежным медыя, настойваючы на невінаватасці мужа. У выніку ў кастрычніку 2022 года за гэта арыштавалі яе саму. Інтэрв’ю «Белсату» палічылі «садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці» і прысудзілі Дар’і 2 гады калоніі. Іх з Ігарам маленькая дачка засталася з бабулямі і дзядулямі.

 Падчас знаходжання за кратамі Дар’я падала на развод, яе знялі ў прапагандысцкім фільме, паказаным па БТ.  У ліпені 2024 года Дар’я выйшла на памілаванні на месяц раней за прызначаны тэрмін.

Селета ў студзені інтэрв’ю з Ігарам Лосікам таксама паказалі ў прапагандысцкай праграме на АНТ. Двое удзельнікаў гэтай праграмы - журналісты Андрэй Кузнечык і Ігар Карней ўжо вызваленыя. Ігар Лосік, якога беларуская праваабарончая супольнасць прызнала   палітвязнем, па-ранейшаму за кратамі.

Сёлета ў красавіку за кратамі апынуўся і  Мікіта Лосік, малодшы брат Ігара. Яго абвінавачваюць  па «справе Гаюна». У чаканні суду ён знаходзіцца ў Віцебскім СІЗА.

Уладзімір Белы