Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 22 Люты 2022

Вынікі апытання: жыхароў Віцебску найбольш хвалююць праблемы транспарту і недахоп паліклінік

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Фота мае ілюстрацыйны характар: auto.onliner.by Фота мае ілюстрацыйны характар: auto.onliner.by

Грамадская ініцыятыва «Наука вне себя Витебск!» апублікавала вынікі маштабнага апытання «Віцебск вачыма гараджанаў». Удзел у апытанні прынялі 514 чалавек. Даследаванне праводзілася цягам студзеня і лютага 2022 году. Арганізатарам і ініцыятарам апытання выступіла «Міжнароднае грамадскае аб'яднанне эколагаў».

Як сцвярджаюць аўтары, мэтай праекту было высветліць, «якія праблемы хвалююць жыхароў гораду, што неабходна змяніць, каб горад развіваўся ў адпаведнасці з інтарэсамі і патрэбамі віцяблянаў».

Галоўнай гарадской праблемай, якая больш за ўсё хвалюе мясцовых грамадзян, аказаўся стан транспартнай інфраструктуры.

На думку больш як 42% рэспандэнтаў, гэтая праблема патрабуе першачарговага развязання. Большасць жыхароў чакаюць паляпшэння працы гарадскога транспарту. Толькі 8% задаволеныя ягонай працай. Амаль 50% выказаліся за развіццё трамвайнай сеткі.

Сярод транспартных праблемаў былі адзначаныя:

  • Стан дарог і ходнікаў;
  • работа грамадскага транспарту;
  • адсутнасць веладарожак;
  • недахоп парковачных месцаў;
  • скарачэнне трамвайных ліній;
  • асвятленне вуліц і двароў.

Як адну з найважнейшых праблем гараджане назвалі недахоп лякарняў і паліклінік. А таксама – недастатковая колькасць зялёных тэрыторый. Толькі каля 30% апытаных палічылі Віцебск «Зялёным горадам». На думку гараджанаў, неабходна ствараць яшчэ больш новых паркаў, сквераў і бульвараў.

Яўген Князеў