Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 15 Май 2026

Чашніцкая “раёнка” таксама засталася без рэдактара

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Рэдакцыя газеты “Чырвоны прамень” ( дарэчы, назву раённае выданне не мяняла з 1965 года) працуе без кіраўніцтва. Як вынікае са звестак на сайце дзяржаўнай службы занятасці,  у “раёнцы” вакантныя пасады рэдактара ( аклад 2 000 – 2 150 руб.) і намесніка рэдактара ( аклад 1 300 – 1 500 руб.) Але для Віцебшчыны адсутнасць кадраў у дзяржСМІ даўно не дзіва – тут ужо амаль 9 месяцаў без галоўнага рэдактара працуе нават абласная газета «Витебские вести».

Намеснікаў рэдактара шукае яшчэ шэраг выданняў у Віцебскай вобласці: газета «Новополоцк сегодня» ( аклад 1 100 – 1 600 руб.), віцебская гарадская  газета «Витьбичи» (аклад  1 500 – 2 000 руб.).

Апроч гэтага, у  «Витьбичах» шукаюць 3-х карэспандэнтаў, у «Витебские вести» - таксама 3-х, і па адным – у раённыя газеты «Міёрскія навіны», «Голас Сенненшчыны» і той самы “Чырвоны прамень”, які працуе і без рэдактара, і без яго намесніка. У пачатку гэтага года мы ўжо звярталі ўвагу на кадравы калапс у дзяржСМІ Віцебскай вобласці. З той пары сітуацыя ў лепшы бок не змянілася. І гэта - на фоне гучных заяваў, якія гучаць сёння на VI Форуме медыйнай супольнасці Беларусі, які правідзіцца Міністэствам інфармацыі ў Гродна. Адна з заяўленых для разгляду тэм - "Почему государственные СМИ остаются главным источником доверия для миллионов белорусов". Відавочна, што наконт  даверу - гэта перабор, бо ці не штодня беларускія суды абвяшчаюць "экстрэмісцкімі" самыя розныя інтэрнэт- рэсурсы, каб дзяржаўная прэса магла працаваць без "канкурэнцыі"...

Адкуль узялася кадравая праблема там, дзе павінны працаваць самыя адданыя дзяржаўным уладам людзі? Падобна, іх дзве:  першая- за прапаганду шмат не плацяць, другая – ідэалагічная праверка прэтэндэнтаў (ці не браў ен удзел у пратэстах 2020 года, ці не з’ехалі за мяжу яго сваякі і ці не трапляў ён пад увагу міліцыі і судоў за “няправільныя” падпіскі). Ёсць і трэцяя: пісаць хлусню з мэтай залагодзіць грамадства і пераконваць яго ў тым, як квітнее Беларусь, абрыдла ўжо і самім прапагандыстам. 

Вольга Крэнь