Суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў “экстрэмісцкай” інфармацыйнай прадукцыяй YouTube-канал расейскага блогера і журналіста Юрыя Дудзя, папулярнага ў беларусаў.
YouTube-канал "вДудь" стаў лічыцца “экстрэмісцкім” з 27 красавіка – менавіта ў той дзень было прынята судовае рашэнне.
Заадно суд Чыгуначнага раёна прызнаў “экстрэмісцкай” і акаўнт у ТikTok “безыменнага” блогера user37482224238772, які пераказваў гледачам беларускія навіны з уласнымі каментарамі.
Свой унёсак у апошняе папаўненне “Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў” зрабілі і яшчэ два суды Віцебшчыны. 27 красавіка суд Глыбоцкага раёна прызнаў “экстрэмісцкай” старонку “ВКонтакте” з назвай "Калі ласка – Беларусь". А суд Талачынскага раёна знайшоў “экстрэмізм” на старонцы Shimizu Satoshi ў Instagram. Яе аўтар каментуе сацыяльна-палітычныя падзеі ў Японіі і ў Беларусі.
Валянціна Тышкевіч