Аднак мясцовыя ўлады расцэньвалі гэта як праяву “апазіцыйнасці” – акцыя праходзіла пад наглядам міліцыянтаў і перыядычныя загады разысціся.... Высокі сівы чалавек з бародкай - палкоўнік Анатоль Гнеўка, які адбыў у зоне заражэння 5 месяцаў замест належных 3-х. Ен настойваў, каб адну з вуліц у Віцебску назвалі ў памяць пра ліквідатараў аварыі, каб ім вярнулі адабраныя ільготы, каб усталявалі памятны знак. Летась спадар Анатоль пакінуў гэты свет, так і не дачакаўшыся увасаблення сваіх прапановаў... Адзінае, на што пагадзіліся ўлады, – гэта на царкоўны малебен 26 красавіка, але пускаць вянок памяці – забаранілі.
Яшчэ адзін чалавек, які не даваў віцяблянам забыцца на скрушную дату 26 красавіка - гэта Барыс Хамайда. У нашым архіве захаваўся фотаздымак 1996 года, калі на 10-я ўгодкі аварыі на ЧАЭС віцебскія чальцы БНФ зладзілі пікет на плошчы Свабоды. На пярэднім плане Барыс Хамайда (злева) і ягоны сябар і паплечнік Уладзімір Плешчанка.
26 красавіка 2007г. Хамайда выйшаў да "сіняга дома" і ўсталяваў побач невялічкі звон. Ен званіў у яго, трымаючы плакат «Памінальны звон па ахвярах Чарнобыля». Амаль адразу да яго падышлі міліцыянты, Барыса Хамайду зацягнулі ў міліцэйскі мікрааўтобус, завезлі ў Чыгуначны РАУС і арыштавалі на 2 сутак.
Наступная серыя здымкаў - ад 26 красавіка 2011 г. Барыс Хамайда - зноў з плакатам каля "сіняга дома". Сысці адтуль яму зноў загадалі амапаўцы. Гісторыя паўтарылася ў 2023 г., калі актывіст выйшаў з плакатам “Людзі, памятайце пра Чарнобыль і разважайце пра лёс сваіх дзяцей. Будаўніцтва АЭС у Рэспубліцы Беларусь – вар’яцтва”.
40 год спатрэбілася, каб улады Віцебшчыны нарэшце ўсвядомілі, што сапраўдны подзвіг ліквідатараў настпстваў аварыі на ЧАЭС варты сапраўднага ўшанавання памяці. Але ў Віцебску месца для памятнага знака не знайшлося - адзіны такі сімвал павагі да тых, хто рызыкаваў сваім жыццём і здароўем у тыя цяжкія дні паставілі селета 25 красавіка ў Оршы. І тое ледзь не скончылася канфузам: першапачаткова памятны знак збіраліся паставіць непадалёк ад пажарнай часткі і на фоне гарадской прыбіральні. Але потым, адчуўшы народнае абурэнне, улады спахапіліся: помнік паставілі ў гарадскім парку.
Валянцін Здароўскі