Друкаваць гэтую старонку
Серада, 08 Красавік 2026

Біяметрычны кантроль для палітычнага сыску і запалохвання?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У адпаведнасці са ўступленнем у сілу Закона Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2026 года № 130-З «Об изменении законов по вопросам дактилоскопической регистрации»,  з красавіка 2026 года ў Беларусі пашырыўся спіс тых, хто абавязаны прайсці дактыласкапію. Гэта тычыцца найперш іншаземцаў, але закране і жыхароў Віцебскай вобласці. Працэдуру павінны будуць праходзіць  тры катэгорыі грамадзян, хаця некаторых новаўвядзенні закрануць пазней – толькі ў 2027 годзе .

 Першая катэгорыя - гэта замежнікі і асобы без грамадзянства. Размова вядзецца пра тых, хто падлягае дэпартацыі, высылцы або рэадмісіі, а таксама пра суіскальнікаў уцякацтва, часовай абароны або віду на жыхарства. Акрамя таго, «здаць пальчыкі» давядзецца  тым, каго на мяжы палічаць пагрозай нацбяспекі.

 Другая катэгорыя - свае ж беларусы, але з "асаблівым статусам". Гэта грамадзяне ад 14 да 75 гадоў, якія атрымалі грамадзянства, ВНЖ або льготны дакумент іншай краіны (па палітычных, рэлігійных або нацыянальных матывах) і апавясцілі пра гэта дзяржаву. А таксама тыя, хто ўвесь час жыве за мяжой і стаяць на консульскім уліку. Гэтым людзям, да прыкладу, уладальнікам «Карты Паляка»,  дактыласкапію будуць праводзіць па прыездзе,  на тэрыторыі Беларусі, і абавязковым гэта стане з 1 ліпеня 2027 года.

 Трэцяя катэгорыя - асобы, якія не могуць сябе ідэнтыфікаваць, адмаўляюцца называць дадзеныя, а таксама без вестак зніклыя, выяўленыя ў краіне.

 Дактыласкапія не закране толькі дзяцей да 14 гадоў і пенсіянераў, старэйшых за 75 гадоў, дыпламатаў і членаў афіцыйных дэлегацый. Таксама паслабленне зрабілі для расейцаў, калі яны не падпадаюць пад дэпартацыю і не знаходзяцца ў "спісе непажаданых асоб”.

Адмовіцца ад дактыласкапіі нельга: прынамсі, замежнікаў проста "развярнуць" і ў Беларусь не ўпусцяць. 

Ці парушае гэтае красавіцкае новаўвядзенне правы людзей у Беларусі, каментуе праваабаронца Аляксандр:

«Пашырэнне спісу асобаў, абавязаных праходзіць дактыласкапію, выглядае не як тэхнічная мера бяспекі, а як чарговы крок да сегментацыі грамадства на «лаяльных» і «падазраваных». Асабліва праблематычным з’яўляецца ўключэнне ў гэты пералік грамадзян Беларусі, якія маюць замежныя дакументы або жывуць за мяжой.

З пункту гледжання міжнароднага права, збор біяметрычных дадзеных дапушчальны толькі пры наяўнасці канкрэтнай мэты, неабходнасці і прапарцыянальнасці (арт. 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах). У дадзеным выпадку мы бачым прыкметы таго, што дактыласкапія выкарыстоўваецца як інструмент ціску і стыгматызацыі за легальныя сувязі з іншымі краінамі, што супярэчыць праву на прыватнасць і прынцыпу роўнасці грамадзян перад законам”.

Паводле праваабаронцы, размытая фармулёўка пра асоб, якіх на мяжы «палічаць пагрозай нацбяспекі», адкрывае прастору для адвольных рашэнняў сілавых органаў, ствараючы рызыку выкарыстання біяметрычнага кантролю для палітычнага сыску і запалохвання, а не для абароны грамадскай бяспекі».

Павел Вясенні