У адпаведнасці з артыкулам 4 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 8 мая 2007 г. №220-З задачамі пракуратуры з'яўляюцца забеспячэнне вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў. Што мае права рабіць пракуратура ў межах выканання гэтых задач, дакладна пералічана на сайце Генракуратуры РБ.
І ні пад адзін від дзейнасці не падыходзць тое, што практыкуюць пракуроры ў дачыненні да беларускіх дзяцей і падлеткаў. Так, 12 сакавіка Пракурор Віцебскай вобласці Андрэй Скурат уручыў віцебскім школьнікам першыя пашпарты і выступіў перад імі з прамовай пра патрыятызм. Адбылася гэтая імпрэза ў Віцебскай абласной пракуратуры, і напрыканцы школьнікам паказалі публіцыстычны фільм «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь», створаны сёлета на нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».
Падобныя імпрэзы адбыліся па ўсёй краіне ў межах акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!», ініцыяванай Генпракуратурай. Праўда не паўсюль падлеткаў вадзілі па ўстановах ведамства: часам пракуроры самі прыходзілі ў школы або іншыя грамадскія месцы.
Візіты пракурораў да малодшага пакалення грамадзян краіны таксама сталі традыцыйнымі ў апошнія гады. Прычым яны прыходзяць на разнастайныя імпрэзы не толькі ў школы, але нават у дзіцячыя садкі, беручы на сябе абсалютна не ўласцівыя гэтаму ведамству функцыі.
Жанна Жалейка