Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 14 Сакавік 2025

Што вядома пра аршанца Андрэя Фалькова, прызнанага “экстрэмістам”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

14 сакавіка ў  пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, дадалі  імя і прозвішча  аршанца Андрэя Фалькова. З дадзеных у гэтым спісе  вядома, што суд Заводскага раёна Мінска прызнаў мужчыну вінаватым паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага Кодэкса  (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях). Па гэтым артыкуле, як правіла, судзяць удзельнікаў пратэстаў 2020 года, і Андрэй Фалькоў, падобна,  браў удзел у акцыях пратэсту ў сталіцы.

Пра гэта ўскосна сведчаць каментары пад ягонымі здымкамі ў сацсетках, зробленыя іншымі асобамі. Увогуле ж апошні раз у сацсеткі мужчына заходзіў у ліпені мінулага года.  Найверагодней, прыкладна ў той час ён і быў затрыманы.

Фотаздымкі на старонках Андрэя Фалькова сведчаць пра тое, што мужчына шмат падарожнічаў і актыўна займаўся спортам. І нават удзельнічаў у аматарскіх спаборніцтвах у сваіх узроставых групах.

Паводле сайта МУС, мужчыну сёлета ў красавіку  споўніцца 51 год. Супраць яго прозвішча ў пераліку “экстрэмістаў” пазначана “судзімасць не пагашана”. Гэта можа азначачаць, што ўраджэнца Оршы асудзілі да “хіміі”. Тэрмін пакарання невядомы.

Ігар Канаплёў