Паразважаць пра сямейныя каштоўнасці аўтар артыкула Алег Пятроў чамусьці запрасіў гінеколага - лёзнанскага лекара з 25-гадовым стажам Васіля Шылу. «Адмова ад нараджэння дзяцей падвышае рызыку ракавых захворванняў. Апрача гэтага, прыхільнікі «чайлдфры» у большай ступені паддатныя дэпрэсіям», сцвярджае адмысловец, спасылаючыся на «шматлікія навуковыя даследаванні». Ніводнага прозвішча з кагорты шматлікіх даследчыкаў гінеколаг не называе, але апелюе да ідэалогіі: маўляў, «государство делает все возможное, а порой и невозможное, стимулируя молодые семьи заводить первого и второго ребенка». Тым часам як «даже некоторые знаменитости публично декларируют свое нежелание иметь детей. Мол, карьера важнее».
Артыкул у докшыцкай газеце выглядае больш сур'ёзным. Супрацоўніца кафедры філасофіі і сацыяльных навук Яўгенія Далімаева фармулюе некалькі прычын, чаму людзі свядома не хочуць мець дзяцей. На яе думку, гэта «бацькоўскі эгаізм» - маўляў, людзі не хочуць абцяжарваць сябе клопатамі, непазбежнымі ў выхаванні дзяцей. Таксама яна згадвае праявы негатыўнага стаўлення да пар з дзецьмі, калі апошнія паводзяць сябе нахабна, дэманструюць адсутнасць выхавання. На думку універсітэцкай выкладчыцы, людзі могуць баяцца заводзіць дзяцей, бо ўсведамляюць рызыку суткнуцца з крытыкай адносна выхавання ці матэрыяльнай забяспечанасці. Але галоўнае, на думку спадарыні Далімаевай, гэта «целенаправленная пропаганда сомнительных взглядов, которой можно и нужно противостоять». Маўляў, «в западных СМИ ведется довольно активное наступление на семейные ценности. И одно из направлений этой деятельности – как раз продвижение идей чайлдфри».
Выкладчыца лічыць, што не варта паддавацца заходнім павевам, здраджваючы традыцыйным сямейным каштоўнасцям. І прыгадвае старую прыказку пра тое, што адзінокаму і бяздзетнаму чалавеку не будзе каму «падаць шклянку вады».
Дзіўна, але але апошні абзац у абодвух артыкулах у гэтым сэнсе выглядае ак суцэльны плагіят. Не будзем высветляць, хто ў каго спісаў гэтыя пасажы – нехта Natali з докшыцкай газеты ў спадара Алега Пятрова з лёзненскай раёнкі ці наадварот . Проста працытуем: «Чайлдфри – это движение несчастливых людей. Все они через некоторое время столкнутся с одиночеством. Родители рано или поздно уйдут из жизни, и больше судьбой чайлдфри не будет интересоваться никто – разве что социальный работник». Паводле докшыцкай газеты, гэтыя словы належаць выкладчыцы універсітэта, а паводле лёзненскай – неназванаму жыхару райцэнтра, які «шмат гадоў адпрацаваў у сацыяльнай службе раёна». Карацей, без падману чытачоў – аніяк.
Вольга Сабліна