Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 11 Верасень 2023

Распачата сем крымінальных спраў, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 41 службовая асоба

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Камітэт дзяржкантролю праверыў сельгасгаспадаркі Віцебскай вобласці на выкананне патрабаванняў заатэхнічных і ветэрынарных норм утрымання і кармлення жывёлы і недапушчэння яе непрадукцыйнага выбыцця, падзяжу.

Пад праверку трапілі 11 гаспадарак васьмі раёнах вобласці, у Гарадоцкім, Чашніцкім, Дубровенскім, Пастаўскім, Лепельскім, Полацкім, Докшыцкім, Шумілінскім раёнах.

Як аказалася, доля падзяжу цялят ад нараджэння да двух месяцаў, больш за палову. Правяраючыя ўстанавілі прычыну падзяжу жывёлы – гэта парушэнне ўтрымання і кармлення. У прыватнасці, не праводзілася своечасовае ўцяпленне жывёлагадоўчых памяшканняў і прафілакторыяў на перыяд зімоўкі, нерэгулярна ачышчаліся стойлавыя месцы і кармавы стол. Не забяспечвалася і своечасовае лячэнне жывёлы і лячэбна-прафілактычныя мерапрыемствы. Не выконваўся рацыён збалансаванага кармлення. У асобных гаспадарках жывёлу нават не маглі напаіць вадой. І з-за недахопу кармоў жывёлам скормлівалі нарыхтаваныя сёлета яшчэ няспелыя.

Паводле Камітэт дзяржкантролю па Віцебскай вобласці, пра сітуацыю аператыўна праінфармавалі адпаведныя райвыканкамы і аблвыканкам. Цяпер кіраўнікі гаспадарак наводзяць парадак, узмацняюць кантроль за працоўнай дысцыплінай і недапушчэннем падобных парушэнняў.

Па выніках праверак у сферы жывёлагадоўлі на Віцебшчыне Камітэт дзяржкантролю сёлета ўзбудзіў сем крымінальных спраў, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуў 41 службовую асобу, аштрафаваныя два чалавекі.

Аляксей Самойлаў