Але прапагандыстка «русского мира» палічыла, што спрэчка толькі пра выкарыстанне беларускай лацінкі – гэта занадта дробна, і абвясціла глабальную вайну за «возвращение государственного русского языка в белорусскую топонимику». Сваю пазіцыю па гэтым пытанні яна называе «народнай», а галоўным аргументам на яе карысць лічыць тое, што расейская мова ў Беларусі не толькі дзяржаўная, але яшчэ і «самая масавая».
«Белорусские граждане, в подавляющем большинстве говорящие, думающие и видящие сны на русском, хотят, чтобы на вывесках, табличках, указателях и пр. кроме белорусского и транслитерации на латинице был родной русский язык», – такі галоўны пасыл прарасейскай актывісткі. Пры гэтым Эльвіра Мірсалімава скардзіцца, што яе меркаванне не падзяляюць ні дзяржаўныя СМІ, ні ідэалагічныя службы. Не кажучы ўжо пра свядомых беларусаў.
Больш за то: Мірсалімавай нават давялося прызнаць ідэйную перамогу апошніх. «Змагары», коих огромное количество – кто разъехался, кого посадили – своих взглядов не только не меняют, но и продолжают оказывать значительное влияние на белорусскую молодёжь. Вообще, это катастрофа, конечно. Куда мы, Беларусь, идём?!», – абураецца прыхільніца «русского мира» на старонках сацыяльных сетак.
Днямі найстарэйшая беларуская газета «Наша ніва» пазнаёміла чытачоў з ураджэнкай Стоўбцаў Юліяй Дударэнка, якая таксама актыўна выступае супраць выкарыстання ў сферы інфармавання беларускай мовы, і супраць беларускай лацінкі ў прыватнасці. Газета пералічвае ідэалагічныя каштоўнасці Дударэнкі: пасля выбараў 2020-га году яна ўдзельнічала ў праўладных аўтапрабегах, зрывала па горадзе бел-чырвона-белую сімволіку, агітавала супраць прышчэпак ад ковіду і нашэння масак. У віцяблянкі Эльвіры Мірсалімавай падставовыя маральныя арыенціры не менш, а то і больш адыёзныя: яна не толькі асуджае беларускі патрыятызм, але захапляецца палітыкай Сталіна і падтрымлівае вайну ва Украіне.
Феліцыян Красоўскі