Апрача грашовых пералічэнняў, абласны «Чырвоны Крыж» абвясціў і «збор ахвяраванняў у натуральным выглядзе: прадукты харчавання, сродкі гігіены, адзенне і абутак». Але зноў-такі застаецца невядомым, якіх перасяленцаў чакаюць на Віцебшчыне – ці будуць гэта ў большасці мужчыны, жанчыны або дзеці, і для якой катэгорыі грамадзянаў бракуе пэўных, канкрэтных рэчаў. Дзіўным выглядае і тое, што рэчы і прадукты харчавання для перасяленцаў з Украіны супрацоўнікі і валанцёры гатовыя прымаць у адзіным месцы на ўсю Віцебскую вобласць – у Віцебску, па адрасе гарадской арганізацыі Чырвонага Крыжа.
Няпэўнасць сітуацыі паказвае й тое, што раённыя газеты пішуць пра «меркаваных (рус. «предполагаемых») перасяленцаў». І толькі докшыцкая газета «Родныя вытокі» без усялякіх сумневаў сцвярджае, што яны абавязкова «будуць прыбываць на тэрыторыю Віцебскай вобласці». Газета «Гарадоцкі веснік» наўпрост называе гэтых людзей «уцекачамі», што праўда, у раёне іх яшчэ не бачылі.
Калі звярнуцца да канкрэтных лічбаў, то хіба што агенцыя БЕЛТА паведаміла са спасылкай на Памежны камітэт, што з 26 лютага ў Беларусь прыбылі з Украіны 1515 чалавек, з якіх 842 – гэта грамадзяне Беларусі, якія вярнуліся на радзіму, 450 грамадзян Украіны і 223 грамадзяніна іншых краін. У якія рэгіёны Беларусі скіраваліся людзі пасля перасячэння мяжы, не канкрэтызавана. Прынамсі, ніводная з раённых газет Віцебскай вобласці дагэтуль не змясціла аповеды ці гісторыі людзей, якія пакінулі Украіну з надзеяй стала пасяліцца ў тутэйшым рэгіёне. Затое вядома, што больш за 2 мільёны ўцекачоў з Украіны абралі для пражывання краіны Еўразвязу.
Феліцыян Красоўскі