Суд Кастрычніцкага раёна Гродна. Суд Кастрычніцкага раёна Гродна 30 лістапада разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 38-гадовага аўтаслесара з Мінска Яўгена Гоманава. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў пракурор горада Уладзімір Клішын, старшынстваваў па справе суддзя Віталь Лабоцкі.

Паводле абвінавачання, Яўген Гоманаў у 10:26 па месцы жыхарства 19 кастрычніка 2020 года ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" пад публікацыяй з фотавыявай намесніка камандзіра АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні Сяргея Жучкова ў форменным абмундзіраванні пакінуў каментар наступнага зместу: "г*вно, а не людзі".

Яўген Гоманаў сваю віну прызнаў у поўным аб'ёме, раскаяўся ў зробленым і растлумачыў суду, што пакінуў каментар на эмоцыях пасля прагляду відэа на You-Tube з затрыманнямі і збіццём удзельнікаў акцый пратэсту.

Пацярпелы Жучкоў ў судовае паседжанне не з'явіўся, даслаў хадайніцтва аб разглядзе справы ў яго адсутнасць і абвяшчэнні паказанняў, дадзеных у ходзе папярэдняга расследавання крымінальнай справы.

Ён таксама таксама заявіў пазоўныя патрабаванні аб спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1 000 рублёў. Абвінавачаны прызнаў іскавыя патрабаванні ў поўным аб'ёме і ў судовым пасяджэнні папрасіў прабачэння ў Сяргея Жучкова.

У судовае паседжанне не з'явіўся сведка Полудзень, які папрасіў суд абвясціць паказанні, дадзеныя ім у ходзе дасудовай вытворчасці.

У ходзе абвяшчэння матэрыялаў крымінальнай справы стала вядома, што затрымлівалі абвінавачанага па крымінальнай справе з 4 па 7 кастрычніка і трымалі ў ІЧУ.

У абвінавачанага за два тыдні да пасяджэння раптоўна памерла маці, у сувязі з чым Яўген Гоманаў прасіў суд улічыць тое, што яму неабходна ажыццяўляць догляд за сваім бацькам, які з'яўляецца ліквідатарам наступстваў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Судовыя спрэчкі дзяржаўны абвінаваўца пачаў са слоў:

"Высокі суд! Вядома можна пагадзіцца з выказваннем Міхаіла Булгакава, што «абраза з'яўляецца звычайнай узнагародай за добрую працу». Але з іншага боку, калі дараваць адну абразу, то вам абавязкова нанясуць іх мноства. Нормы крымінальнага закона патрабуюць не дараваць тых, хто абражае прадстаўнікоў улады. Паколькі, калі пакідаць без увагі і без адказнасці нават адзін адзіны факт, то гэта спародзіць буру нянавісці і злосці, што не трэба ні грамадзянам, ні грамадству, ні дзяржаве. Мабыць абвінавачаны гэта не ведаў, а калі ведаў, то забыўся і таму сёння знаходзіцца на лаве падсудных».

Падчас спрэчак дзяржаўны абвінаваўца адзначыў, што змякчальнай адказнасць акалічнасцю з'яўляецца чыстасардэчнае раскаянне асобы, якая ўчыніла злачынства, абцяжваючых акалічнасцяў па справе не ўстаноўлена.

Уладзімір Клішын папрасіў суд прызнаць абвінавачанага вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады 6 месяцаў, спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелага, а таксама дзяржаўную пошліну ў памеры 87 рублёў. Пракурор звярнуўся да суду і запатрабаваў канфіскаваць мабільны тэлефон, які выкарыстоўваўся для здзяйснення падсудным злачынства.

Адвакат абвінавачанага не аспрэчваў кваліфікацыю дзеянняў свайго падабароннага і прасіў суд улічыць усе станоўчыя характарыстыкі асобы Гоманава, прызначыўшы пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

У апошнім слове Яўген Гоманаў таксама папрасіў суд прызначыць пакаранне  "хатняй хіміяй".

Суддзя Віталь Лабоцкі пайшоў у дарадчы пакой на 35 хвілін, пасля чаго вынес прысуд, які і запытвала дзяржаўнае абвінавачванне: абмежаванне волі тэрмінам на 2 гады 6 месяцаў з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Крыніца: За абразу прадстаўніка ўлады ў Гродна асудзілі жыхара Мінска