Акцыя падтрымкі палітвязняў, арганізаваная беларускай дыяспары ў Гамбургу Беларуская дыяспара ў Гамбургу далучылася да Дня салідарнасці з беларускімі палітычнымі зняволенымі і правяла акцыю іх падтрымкі 27 лістапада.

Удзельнікі акцыі трымалі ў руках бела-чырвона-белы сцяг з імёнамі палітвязняў, а таксама выявы некаторых з іх, у тым ліку зняволеных прадстаўнікоў ПЦ “Вясна”.

Менавіта ў Гамбургу ў гэтыя ж дні было запланавана ўручэнне прэміі Марыён Дзёнхаф, куды былі запрошаныя і вясноўцы, аднак цэрымонія была адмененая праз каранавірус.

“Было жудаснае надвор’е, аднак мерапрыемства адбылося. Я ганаруся тымі людьмі, якія прыйшлі на акцыю. Мы бачым, што з-за сітуацыі на мяжы, якая таксама вельмі тужлівая для людзей, што мёрзнуць там, людзі, што мёрзнуць у беларускіх турмах, адыходзяць на другі план. Таму гэтая акцыя была вельмі для нас важная.

Мы хацелі напомніць, што сітуацыя з рэпрэсіямі ў Беларусі не вырашаная, а галоўны віноўнік гэтаму – адна асоба”, – сказала адна з удзельніц акцыі Наталля.  

З прамовамі ў падтрымку палітвязняў і з асуджэннем катаванняў у Беларусі выступілі актывіст Libereco – Партнёрства за правы чалавека Мануэль Хасэль, дэпутатка фракцыі Зялёных Альске Фрэтэр, пастар Евангелічнай царквы Паўночнай Германіі Кай Фелер і жанчына-біскуп Паўночнай царквы Кірстэн Фэрс. Агулам у акцыі прыняло ўдзел каля 15 чалавек.

Таксама прагучалі чатыры абраныя арганізатарамі гісторыі палітвязняў, у іх ліку і гісторыя зняволення каардынатаркі Валанцёрскай службы “Вясны” Марфы Рабковай.

А вечарам актывісты падпісалі і адправілі паштоўкі для палітзняволеных.

Больш інфармацыі ў інстаграм-акаунце беларускай дыяспары ў Гамбургу. 

Крыніца: Акцыя падтрымкі беларускіх палітвязняў прайшла ў Гамбургу