Ілюстрацыйнае фота. Праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 24 і 26 лістапада. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі.

24 лістапада

Раніцай 24 лістапада у Століне затрымалі Паўла Сімончыка. Мужчына паведаміў сябрам, што да яго дамоў прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Яго затрымалі і павезлі ў РАУС. Вечарам Павел на волю не выйшаў. У якім статусе ён знаходзіцца - невядома. Раней Павел ужо быў асуджаны па «народным» артыкуле 23.34 КаАП РБ у верасні 2020 году, пасля таго, як выйшаў на пікет у Століне. Тады ён правёў суткі ў РАУС, а пасля атрымаў штраф у 30 базавых, паведамляе «Медыя-Палессе».

25 лістапада

У Мінcку затрымалі фрылансера Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка. Жонка Андрэя расказала Свабодзе, што каля 17-й гадзіны ён паехаў на ровары на прагулку, а яна з двума дзецьмі засталася дома. Даволі хутка Андрэй вярнуўся з чатырма мужчынамі ў цывільным. «Адзін, які, верагодна, быў галоўным, прадставіўся Іванам. Ні хто яны, ні адкуль, не паведамілі. Мне загадалі ісці ў іншы пакой і займацца дзецьмі, не перашкаджаць. Ператрус быў даволі «інтэлігентны» — мае рэчы і рэчы дзяцей не чапалі. Забралі ўсю тэхніку і тэлефон Андрэя, мой мабільны тэлефон і мой пляншэт, грошы. Андрэю загадалі апранацца і ісці з імі. З рэчаў нічога не дазволілі ўзяць з сабой, акрамя запасных штаноў. Сказалі, што забіраюць яго ненадоўга, на пару дзён», — распавяла жонка Андрэя Алеся Рак. Яна толькі падпісала паперу з пералікам забраных рэчаў. На якой падставе затрымалі мужа, Алеся не ведае.

Праваабаронцам “Вясны” стала вядома, што палітзняволенага Ігара Банцэра адправілі ў ШІЗА на 10 сутак за тое, што ен запісаў відэа «Медыязоне» пра ўмовы ўтрымання на «хіміі», дзе адбывае пакаранне, і паказаў, як яму праз краты перадаюць ежу. Гэта супрацоўнікі ПУАТ №9 палічылі парушэннем рэжыму.

У Беларусі стала больш на 7 новых палітвязняў. Гэта Уладзімір Макарэвіч, Максім Мікуліч, Сяргей Сакавец, Антон Нечыпаровіч, Барыс Несцяровіч, Ігар Санкевіч і Сяргей Шаўчэнка. Хто гэтыя людзі і чаму праваабарончыя арганізацыі лічаць іх справы палітычна матываванымі, можна даведацца па спасылцы. Усяго, па дадзеных праваабарончага цэнта «Вясна» па стане на 26 лістапада, у Беларусі 887 вязняў.

26 лістапада

Новыя ператрусы, пераследы і затрыманні

Стала вядома, што Магілёўскага актора Вячаслава Сікору абвінавачваюць у «распальванні сацыяльнай варожасці» — мужчыну абвясцілі ў міжнародны вышук Па версіі СК, са жніўня па верасень мінулага года Вячаслаў на сваіх старонках у сацсетках публікаваў відэаролікі, накіраваныя на ўзбуджэнне варожасці. У іх мужчына абражаў Лукашэнку і сілавікоў, а таксама заклікаў да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і непадпарадкавання органам улады. Яму прад'яўлена абвінавачанне ў распальванні сацыяльнай варожасці, паклёпе, абразе Лукашэнкі і сілавікоў.

З Акрэсціна не выпусцілі Анатоля Шалковіча, які стаў папулярным праз яго заяву у пакаяльным відэа МУС пра любоў да белага і чырвонага колераў. Яго затрымалі 11 лістапада, а пазней пакаралі 15-сутачным арыштам . 26 лістапада стала вядома, што 65-гадовага інжынера зноў арыштавалі на 15 сутак. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў cябра затрыманага Аляксандр Знак. https://www.facebook.com/100000433223445/posts/4885711301453262/

Праваабаронцам “Вясны" стала вядома, што ў Століне затрымалі Уладзіміра Корсака і Алену Цупу(падрабязнасцей пакуль няма), у Мінску затрымалі Вольгу Шчасленак.

У полацкай кватэры Гаянэ Ахціян, маці анархіста Рамана Халілава, прайшоў ператрус. Дзверы ў кватэру жанчыны выламалі, а саму Гаянэ затрымалі. Крыху пазней стала вядома, што жанчына ў Полацкім ГАУС і будзе там да суда па адміністрацыйнай справе. Сам Раман знаходзіцца за мяжой, ён абвешчаны ў вышук па шэрагу артыкулаў КК.

У Мазыры быў затрыманы Аляксандр Засінец. Дома ў яго быў праведзены ператрус. Аляксандр – адзін з намеснікаў Вольгі Кулыбы, былой старшыні прафкаму НПЗ, якая нядаўна была пакарана штрафам у 20 базавых і канфіскацыяй тэлефона за падпіску на «экстрэмісцкі» акаўнт Zerkalo.

Навіны з-за кратаў

На сваёй старонцы ў Facebook маці анархіста Ігара Аліневіча Валянціна Аліневіч паведаміла, што яе сына, а таксама Дзмітрыя Дубоўскага, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Разановіча перавялі з СІЗА КДБ ў СІЗА на Валадарскага. Нагадаем, з 15 лістапада ў закрытым рэжыме над вышэйпералічанымі ідзе суд. Усе чацсера - фігуранты справы «анарха-партызан». Іх вінавацяць па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіліяў, будынку ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці.

Стала вядома, што адміністрацыя ПУАТ-9 у Віцебску паставіла палітзняволенага Дзмітрыя Абрамука на новы ўлік як «схільнага да самавольнага сыходу з установы». Па словах супрацоўнікаў, ім паступіла інфармацыя, што Дзмітрый нібыта збіраецца збегчы ў Расію. Пры гэтым, супрацоўнікі ПУАТ неаднаразова правакавалі Дзмітрыя пытаннямі, калі ён ужо ўцячэ і чаму дагэтуль не збег. Палітвязень ім адказваў: “Я нікуды не збіраюся, мне і тут добра”. Акрамя гэтага, палітвязня ўжо паўгады не дапускаюць да працы.

Дзмітрый Абрамук – фігурант берасцейскай "справы карагодаў". 15 сакавіка суд пакараў Дзмітрыя двума гадамі "хіміі" па арт. 342 КК. Праз некалькі месяцаў яго асудзілі да двух гадоў "хіміі" яшчэ і па арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі. З улікам неадбытага пакарання, шляхам складання прызначылі тры гады «хіміі».

Таксама праваабаронцы даведаліся, што палітзняволенай старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжаліцы Борыс працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на тры месяцы — да 25 лютага 2022 году Яна знаходзіцца за кратамі ўжо 8 месяцаў.

Ціск на СМІ і тэлеграм-чаты

Сайт orsha.еu заблакаваны па рашэнні пракуратуры Рэдакцыя пакуль не ведае дакладнай прычыны. Пра блакіроўку паведамілі ў Рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве па наглядзе за электрасувяззю.

МУС прызнала Telegram-чат «Полоцк Новополоцк Страна Для Жизни Чат Свободу Сергею Тихановскому» экстрэмісцкім фарміраваннем.

Інфармацыйная прадукцыя інтэрнет-рэсурса «Брестская газета» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Стала вядома, што журналістка Ірына Слаўнікава стала падазраванай паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны удзел у іх»). Пра гэта стала вядома ад сваякоў жанчыны.

Нагадаем, журналістку " Б...та " Слаўнікаву затрымалі 30 кастрычніка ў аэрапорце, калі яны вярнуліся з Егіпта, іх адвезлі ў ізалятар на вуліцы Акрэсціна.

Крыніца: Яшчэ больш ператрусаў, допытаў і затрыманняў. Хроніка пераследу 24-26 верасня