На пряцягу двух тыдняў у судзе Фрунзенскага раёна суддзя Інэса Курко разглядала грамадзянскі пазоў «Мінсктранса» да палітвязня Дзмітрыя Кубарава. Інтарэсы «Мінсктранса» на судзе прадстаўлялі Святлана Бацькова і Раман Прановіч, а таксама генеральны дырэктар прадпрыемства Алег Дзюбенка. Самога Кубарава, які асуджаны да сямі гадоў калоніі па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў), на суд не дастаўлялі і не забяспечвалі яго яўку праз відэасувязь. Інтарэсы палітвязня на судзе прадстаўляў адвакат.   Адразу пазоў да Кубарава складаў 69 273 рублёў і 58 капеек, але пасля пераліку суму скарацілі да 45 181 рублёў і 42 капеек, а астатнія 24 092,16 рублёў вылучылі ў асобныя вытворчасці судоў Заводскага і Савецкага раёнаў, бо гэта апынуліся страты прадпрыемста за 9 і 10 жніўня. Згодна з пазовам, 45 181,42 рублёў «Мінсктранс» страціў за 6 гадзін і 40 хвілін ад злачынства, здзейсненае палітвязнем у перыяд часу з 18:30 11 жніўня да 1:10 12 жніўня каля станцый метро «Малінаўка» і «Пятроўшчына». Бацькова, Прановіч і Дзюбенка прадаставілі суду разлікі, зробленыя ў двух сістэмах, з якімі працуе прадпрыемства, якія даказваюць віну Кубарава.

Фота: politzek.me
Дзмітрый Кубараў

На судзе адвакат палітвязня заўважыў, што ў матэрыялах справы маецца дакумент, згодна з якім Дзмітрыю «прыпісалі» 57 лішніх маршрутаў адносна таго акта, які быў прадстаўлены суду падчас разгляду крымінальнай справы супраць Кубарава. Пасля доўгіх спрэчак высветлілася, што пазоўны акт, па сцвярджэнні юрыстаў, быў не дакладны. Па новых дадзеных палітзняволены Дзмітрый Кубараў, на думку «Мінсктранса», спыніў грамадскі транспарт на107 маршрутах.

Адвакат звярнуў увагу суддзі, што «ў прысудзе сказана, што «абвінавачаны, дзейнічаючы з іншымі асобамі…», а гэтыя асобы вядомыя і сотні з іх ужо асуджаныя». Але Святлана Бацькова заявіла, што Кубарава абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, а, значыць, ён «арганізаваў блакіроўку руху на ўсіх 107 маршрутах па ўсім Мінску». 

Пракурор сказаў, што пра астатніх "невысвятленых асобаў" гаворкі не ідзе, бо паводле прысуду да спынення транспарту на 107 маршрутах датычны толькі Дзмітрый, таму ўся прад'яўленая сума будзе спагнаная менавіта з яго. Калі невядомых асоб ўсё ж такі высвятляць, то сума з Кубарава будзе спагнаная салідарна з астатнімі адказчыкамі. Таксама пракурор прапанаваў Кубараву самому спаганяць суму з астатніх «невысвятленых асобаў», якіх прызнаюць вінаватымі па гэтым эпізодзе.

У выніку, суддзя Інэса Курко пастанавіла спагнаць з палітвязня Дзмітрыя Кубарава на карысць «Мінсктрансу» 45 181 рублёў 42 капейкі. Акрамя гэтага, у палітвязня патрабуюць выплаціць дзяржпошліну за зварот «Мінсктранса» ў суд у памеры 2 259,07 рублёў. Па інфармацыі праваабаронцаў, гэта першае рашэнне суда пра спагнанне кампенсацыі за «блакіроўку дарог» падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе.

Нагадаем, 25-гадовага дызайнера Дзмітрыя Кубарава жорстка затрымалі 11 жніўня і даставілі ў СІЗА КДБ, дзе ён падпісаў яўку з павіннай. На судзе Дзмітрый заявіў пра катаванні пасля затрымання. Кубарава абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса), а 24 сакавіка пакаралі 7 гадамі пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. На судзе Дзмітрый не прызнаў сваю віну.

Крыніца: Больш за 45 тысяч рублёў — столькі павінен выплаціць 25-гадовы палітвязень за «блакіроўку дарог» на пратэстах у Мінску