"Вясна" працягвае распавядаць гісторыі людзей, якія пераследуюцца дзяржавай па палітычных матывах. Юлія Гарачка актывістка і праваабаронца, у тым ліку ініцыятывы “Наш дом” была затрымана 14 ліпеня, калі сілавікі прыйшлі з ператрусамі да прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый, партый і рухаў па ўсёй краіне. Юлія знаходзіцца ў статусе абвінавачанай па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса РБ (Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праваабарончай супольнасцю яна прызнана палітычнай зняволенай. Пра жыццёвы шлях Юліі распавядае яе маці Наталля Гарачка-Басалыга. Юлія Гарачка Юлія Гарачка

Дзяцінства

“Юліі 33 гады, гэта мая старэйшая дачка. Таму ёй было больш увагі, чым іншым дзецям. Да таго ж яна дзяўчынка — а дзяўчынкам заўжды цяжэй, і ў Беларусі таксама. У мяне яшчэ тры сыны.

Мае хлопчыкі хадзілі ў мюзік-хол і мастацкую школу, а Юля хадзіла толькі ў мастацкую. У яе быў вельмі добры настаўнік, ён выяўляў здольнасці дзяцей — і ўжо ў сем гадоў у Юлі была персанальная выстава. У нас у радні малююць усе: маё прозвішча Басалыга, а мастакі Басалыгі — гэта стрыечныя браты майго бацькі. І Юля таму прыклад — яна таксама малюе. Таму зараз за краты я папрасіла, каб сын аднёс ёй аркушы паперы, алоўкі — усё, што патрэбна для таго, каб яна малявала [сама Наталля вымушана была з'ехаць з Беларусі — Заўв.].

Таксама Юля любіла займацца спортам. Яна стала чэмпіёнкай Беларусі па дзюдо ў 10 гадоў. Неяк яна зайшла на трэніроўкі да сваёй сяброўкі пачакаць яе. Але трэнер заўважыў яе і сказаў: “Што ты сядзіш, давай станавіся і трэніруйся”. І ў яе працэс пайшоў хуценька: раённыя спаборніцтвы, гарадскія і гэтак далей... Я помню, з першых спаборніцтваў Юля прынесла прыз: грамату і тры бляшанкі нейкіх кансерваў. Я так смяялася: вось такія прызы раздавалі на раённых спаборніцтвах, каб стымуляваць іх.

Фотакалаж з сямейнага архіва: Юля трымае народжанага брата Міколу, ёй 4 гады / Юлія разам з Міколам, ёй 30 гадоў
Фотакалаж з сямейнага архіва: Юля трымае народжанага брата Міколу, ёй 4 гады / Юлія разам з Міколам, ёй 30 гадоў

2000-я і пачатак грамадскай актыўнасці

У 12 гадоў Юля была ўжо ў моладзевым руху “Зубры”. У сакавіку 2000-га мы разам з рознымі грамадскімі аб'яднаннямі ладзілі акцыю супраціву. Мы вывелі шматдзетных, у нас была вялікая расцяжка: "Лукашэнка, чым карміць нашых дзяцей?" Але былі толькі дарослыя, а дзяцей узяла толькі я адна. Узяла ўсіх — малодшаму Івану было чатыры гады. Гэта і вызначыла лёс Юліі — бо на гэтай акцыі Яўген Афнагель [на дадзены момант: палітзняволены, асуджаны да 7 гадоў калоніі — Заўв.] і другі кіраўнік “Зуброў” падышлі да мяне і прапанавалі далучыцца да іх, каб ужо сапраўды змагацца з гэтым рэжымам. Я сказала тады, што я намкіраўніка асацыяцыі шматдзетных, таму я магу прапанаваць сваіх дзяцей [усміхаецца — Заўв]. І кажу: вось, дамаўляйцеся з Юляй, ёй 11 гадоў, але магу даць распіску, што я не супраць, каб яна ўступіла ў “Зубры”. І таму Юля была адной з першых “Зуброў”.

Яны ўцягваліся ў барацьбу за краіну.

Выбары 2020

Пераемнасць пакаленняў выразна было бачна ў 2020-м. Я была назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах на ўчастку №1 (Мінск), і калі праз тры дні мяне адтуль выдалілі, на маё месца прыйшла Юля. То бок выдалілі адну Гарачку, а на яе месца прыйшла іншая. Юля змагла ў асноўны дзень галасавання прайсці ў Акадэмію фізкультуры [дзе размяшчаецца ўчастак №1 — Заўв.] і ўсё зафіксаваць. Яна маскіравалася як магла, але яна спартовага складу — можа таму на яе не звярнулі ўвагу. 

Выбары 2010

У 2010 годзе Юля навучалася ў Польшчы па праграме Каліноўскага. Але калі пачаліся прэзідэнцкія выбары, яна вярнулася ў Беларусь. Юля была актыўнай удзельніцай перадвыбарнай кампаніі: збірала подпісы за Някляева і была назіральнікам. І знаходзілася на Плошчы. Бог мілаваў, яна не трапіла пад гэтую раздачу і вярнулася жывая-здаровая. Мы сустрэліся тады з Юляй а 2-й гадзіны ночы на станцыі метро і дапамаглі цяжарнай жанчыне: яе мужа схапілі на Плошчы, а саму яе закрыў сабой супрацоўнік ДАІ — а мы яе вывелі адтуль і падвезлі дадому.

Таму навучанне Юля тады перарвала, бо яна мне сказала:

"Мама, я павінна ўдзельнічаць у гэтай кампаніі, бо гэта мая краіна, мая радзіма, і я не магу нідзе быць, калі тут вырашаецца лёс маёй краіны".

Але тады не было такіх крымінальных рэпрэсій супраць праваабаронцаў [як цяпер — Заўв.], таму Юля працавала далей у грамадскіх аб'яднаннях: з жанчынамі і непаўналетнімі, якія знаходзіліся за кратамі. Зняволеныя — па сутнасці, рабы: яны там працуюць, але грошы ім амаль не плацяць — гэта капейкі, за такія грошы чалавек не за кратамі не працаваў бы. Юля займалася дапамогай ім і ў межах арганізацыі "Наш дом", і ў межах праваабарончага цэнтра "Прававая дапамога насельніцтву". Юля таксама супрацоўнічала з тымі арганізацыямі, у якіх працавала я: напрыклад, межах маёй грамадскай ініцыятывы "Маці вайсковых".

Юлія Гарачка разам з катом Маркізам
Юлія Гарачка разам з катом Маркізам

Паслявыбарчая пара 2006 года: першае затрыманне

Юля адзін раз была затрымана па адміністрацыйнай справе, калі ёй толькі-толькі споўнілася 18 гадоў. Гэта было ў паслявыбарчую пару 2006 года. Так адбылося, што яе сяброў схапілі і трымалі ў Цэнтральным РУУС Мінска. Юля разам з іншымі прыйшла туды з плакатам, на якім было пазначана: "Сапраўдны воін абараняе жанчын, дзяцей, свой народ і сваю краіну". Нейкая вытрымка з кодэкса самурая. Але Юлю схапілі амаль хвілін праз пяць і далі чацвёра сутак. Калі на судзе ўсіх затрыманых разам з Юляй запытвалі: "Як вы аказаліся каля РУУС", многія казалі: "А, я міма ішоў" — і такім давалі штрафы і адпускалі. А калі Юлю пазвалі ў залу суда і запыталіся: "Чаму вы стаялі каля Цэнтральнага РУУСа?", Юля і сказала: "Я прыйшла выказаць сваю пазіцыю наконт таго, што маіх сяброў незаконна затрымалі" — і ёй далі тэрмін.

Гэта былі адзіныя суткі ў Юлі. Яна мне казала: "Мама, ты, як танк, ідзеш напралом. І таму атрымліваеш тэрміны. А калі ўсе так пойдуць хто будзе вас ратаваць?" І вось калі мяне затрымалі ў 2017 годзе ў Барысаве, Юля першая падняла братоў сваіх — і яны на машыне памчалі мяне ратаваць. Але каля Жодзіна ім разбілі машыну. Я думаю, гэта было наўмыснае ДТЗ — у іх збоку ўрэзалася BMW.

Затрыманне па крымінальнай справе 14 ліпеня 2021

Я не ведаю, чаму Юля не з'ехала, бо затрыманні пачаліся зранку, а да яе прыйшлі ўвечары. Але Юля мела намер з'ехаць з Беларусі, у яе ўжо амаль быў квіток. І яна жыла не ў сваёй кватэры, а ў сяброўкі, таму што прадчувала, што яе могуць затрымаць. Мы з ёй размаўлялі 28 чэрвеня, я сказала: "Юля, збірайся, выязджай да мяне, бо ў мяне дрэннае прадчуванне". Але Юля сказала: "Я падумаю, бо тут шмат справаў па праваабарончай лініі…". Юля заўжды была асцярожная — і ўсе здзівіліся, чаму яе затрымалі.

Вось да мяне звярнулася жанчына, з якой працавала Юля і не паспела скончыць. Гэта звычайная жанчына, якая па нейкім крымінальным артыкуле трапіла за краты — і там склаліся такія ўмовы, што немагчыма жанчынам ужо было жыць. І Юля дапамагала пісаць скаргі ў сувязі з тым, што іх правы парушаюцца.

Юлю схапілі людзі ў цывільным. Потым яна апынулася ў РУУС, дзе правяла ноч. А зранку яе павезлі на допыты, якія працягваліся амаль цэлы дзень, бо на Акрэсціна яе прывезлі амаль уначы. І назаўтра зноўку на допыты — і амаль зноўку на цэлы дзень. З яе адваката ўзялі падпіску аб неразгалошванні, але ён кажа ў адкрытую, што ніякай справы па сутнасці няма, і ніякіх доказаў і фактаў, што Юля магла нешта рабіць [супрацьзаконнае — Заўв.] у іх таксама няма.

Затым сем сутак Юля правяла на Акрэсціна. Гэта была сапраўдная катавальня. Там не было ні матраца, ні бялізны, ёй не перадавалі сродкі гігіены. І ў Юлі вельмі балеў хрыбетнік, але ёй не аказалі медычнай дапамогі. Прыкладна на сёмыя суткі прад'явілі абвінавачванне і толькі тады далі матрац. Зараз яна знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага. Там лепш, чым на Акрэсціна, але ўсё ж такі гэта турма.

Пасля першай ночы ў РУУС, калі ў Юлі балеў хрыбетнік, яе здымалі на відэа. Па фільму бачна, што яе твар апухшы. Яе пыталі пра Вольгу Карач”.

* Юлію Гарачка знялі ў праграме АТН “Это другое”, выпуск пад назвай “Куда уходят деньги оппозиции”. Там Юлія названа "актывісткай дэструктыўнай грамадскай ініцыятывы "Наш дом".

“У яе задачы ўваходзіла разлічвацца па даўгах затрыманых, адвакаты, ІЧУ, псіхалагічная дапамога і праца з валанцёрамі”, — кажа вядучая праграмы.

"Мы ўсе ведаем, што ў такіх умовах... калі ўмовы пагражаюць жыццю, чалавек можа сказаць усё па паперцы. Гэта не яго віна — гэта яго бяда", — каментуе відэа з Юляй Наталля Гарачка-Басалыга.

Наталля Гарачка-Басалыга трымае ў руках партрэт дачкі Юліі падчас адной з акцый салідарнасці ў Варшаве
Наталля Гарачка-Басалыга трымае ў руках партрэт дачкі Юліі падчас адной з акцый салідарнасці ў Варшаве

“Я вельмі перажываю за Юлю. Яна папрасіла праз адваката перадаць мне, каб я апавясціла ўсіх грамадзян, усіх беларусаў, што яе трымаюць незаконна. Ніякіх падстаў для затрымання ў следства няма. Гэта нейкія НКВДшныя брыгады, якія катуюць невінаватых грамадзян”.

Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Юліі Гарачка

Крыніца: Грамадскай дзейнасцю пачала займацца ў 12 гадоў. Гісторыя палітзняволенай Юліі Гарачка