Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 28 ліпеня. Людзей працягваюць затрымліваць па крымінальных справах, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску на грамадзянаў.  Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Сёння стала вядома, што 26 ліпеня была ліквідаваная сацыяльна-дабрачынная спартыўная ўстанова «Крылы анёлаў».

«Крылы анёлаў» займаліся сацыяльнай рэабілітацыяй дзяцей і дарослых з інваліднасцю. Яны дапамагалі далучыцца да прабежак, велапрагулак, турыстычных паходаў людзям з інваліднасцю.

Яшчэ 8 тэлеграм-каналаў і чатаў прызнаныя экстрэмісцкімі. Гэта «Уручье 97 pro», «Ждановiчы сёння», «Ждановичи 2020 – клуб любителей песен Цоя», «Активная МАЯКОВКА (акции и флешмобы)», «I I 0 ПАРТИЗАН чат», «I I 0 ПАРТИЗАН чат» (канал, звязаны з чатам), «Новая Боровая 98%», «Новая Боровая 98% - Чат».

Тэлеграм-канал мікрараёна «Малінаўка» паведаміў пра ператрус у актывіста Сяргея Міронава, вядома як аўтара мема «Хлопотное дельце». Сілавікі прыйшлі ў кватэру. дзе ён жыве разам з маці. У 18.30 Сяргея разам з маці вывелі з пад'езда дома, пасадзілі ў машыну і звезлі.

mironau_s.jpg
Сяргей Міронаў, фота "Радыё Свабода"

Брэст

У Брэсце праходзіў ператрус у Наталлі Зданевіч, кіраўніцы праектаў “Фонда развіцця Брэсцкай крэпасці”. Ён праходзіў па месцу прапіскі актывісткі — у доме бацькоў. Самой дзяўчыны там не было.

zdanevic.jpg
Наталля Зданевіч

У 11:15 вобшук у Наталлі скончыўся. “Прыйшлі з КДБ а 6-й раніцы. Нічога не забралі. Глядзелі, якія кнігі стаяць”, — паведаміла Наталля.

З чым можа быць звязаны візіт сілавікоў, яна не ведае. У офісе “Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці”, які яна ўзначальвае, ператрусу не было.

Фонд быў створаны ў 2013 годзе. Гэта грамадская арганізацыя, якая аб'ядноўвае намаганні міжнародных экспертаў у галіне вывучэння спадчыны Брэста і Брэсцкай крэпасці, ініцыюе архіўныя даследаванні, спрыяе папулярызацыі гісторыі ў новых сучасных фарматах, піша @euroradio.

Гомель

МУС у сваім тэлеграм-канале паведаміла пра затрыманне 34-гадовага жыхара Гомеля па крымінальнай справе аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу). "У жніўні мінулага года мужчына стварыў у Telegram дэструктыўны чат, дзе абмяркоўваліся радыкальныя дзеянні ў дачыненні да прадстаўнікоў улады", - піша МУС.

Будзе дапоўнена

Крыніца: Новыя ператрусы, экстрэмісцкія каналы і затрыманні. Хроніка пераследу 28 ліпеня