Беларускі ПЭН-цэнтр падрыхтаваў справаздачу па выніках маніторынга парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры за студзень-чэрвень 2021. "Вясна" прыводзіць вытрымкі з яе.

Па інфармацыі ПЭН-цэнтра, за першае паўгоддзе 2021 года зафіксаваны 621 выпадак парушэння культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Колькасць парушэнняў за студзень-чэрвень большая за аб’ём сітуацый, зафіксаваных за ўвесь 2020-ы год. Іх было не менш за 593.

"Можна сцвярджаць, што ціск і рэпрэсіі, якія асабліва моцна выявіліся са жніўня 2020 га года, пачынаючы з перыяду прэзідэнцкай кампаніі, па-ранейшаму не слабеюць, набываюць новыя формы і закранаюць усе шырэйшае кола суб’ектаў культуры Беларусі", — сцвярджаюць у ПЭН-цэнтры.

Праваабаронцы прыводзяць дынаміку зафіксаваных парушэнняў, пачынаючы з 2020 года: 

Па дадзеных ПЭН-цэнтра, з агульнай колькасці палітвязняў 39 належаць да дзеячаў культуры.

Сярод іх:

Менеджар культуры Дзяніс Чыкалёў часова мае статус «былога» палітвязня, паколькі на сёння знаходзіцца на свабодзе пад падпіскай аб нявыездзе, але ў хуткім часе, у мэтах выканання прысуду, будзе вымушаны адправіцца ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на «хімію»: асуджаны на 3 гады).

За першае паўгоддзе 2021 года 24 дзеячы культуры з ліку тых, у дачыненні да каго вядзецца крымінальны пераслед, былі незаконна асуджаныя; сярод іх як тыя, хто прызнаныя палітвязнямі, так і асобы без гэтага статусу. 13 дзеячаў культуры асуджаныя на тэрмін ад 2 да 8 гадоў калоніі (7 чалавек – калоніі ўзмоцненага рэжыму), 9 чалавек – на 1,5-3 гады «хіміі», 2 – на 1-2 гады «хатняй хіміі» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).

"Характэрная асаблівасць другой паловы паўгоддзя палягае ў тым, што дзеячы культуры, якія былі асуджаныя на «хімію» і адпушчаныя пасля абвяшчэння прысуду на некаторы час дадому, у чэрвені сталі атрымліваць накіраванні для адбыцця пакарання ва ўстановах адкрытага тыпу. Так, у чэрвені на «хімію» адпраўленыя менеджар культуры Лявон Халатран, паэт і рэжысёр Ігнат Сідорчык, музыкант Ігар Банцар і дызайнер Максім Таццянок. Абскарджанне ў судзе незаконных прысудаў не прывяло да змены ім меры стрымання", – зазначылі праваабаронцы.

Таксама ПЭН-цэнтр звярнуў увагу на ўмовы ўтрымання ў закрытых установах:

"У дадзены перыяд мы вылучаем 44 сітуацыі з апісаннем або згадваннем тых умоў, у якіх знаходзяцца зняволеныя. Гэта толькі тыя факты, што дайшлі да нас праз СМІ, праз публікацыі сваякоў. Мы разумеем, што існыя абмежаваныя крыніцы інфармацыі, цяжкасць, а часта адсутнасць ліставання са зняволенымі, жорсткія рамкі турэмнай цэнзуры, не даюць нам магчымасці заяўляць аб паўнаце інфармацыі, але нават па наяўных фактах мы сцвярджаем пра тое, што ўмовы ўтрымання ў дачыненні да «палітычных» зняволеных уяўляюць сабой, як мінімум, жорсткае і прыніжальнае для годнасці абыходжанне, а ў шэрагу выпадкаў маюць прыкметы катаванняў".

Раней былі згаданыя сітуацыі адвольнага затрымання, крымінальнага пераследу, незаконнага асуджэння і некаторыя іншыя. Так выглядае спіс найбольш часта парушаных правоў у дачыненні да дзеячаў культуры і асоб, якія рэалізоўвалі свае культурныя правы.

"Іншадумства (погляды, адрозныя ад тых, што транслююць прадстаўнікі дзяржаўнай улады) – галоўная нагода пачаць пераслед чалавека", – адзначаюць праваабаронцы.

Чытаць справаздачу ПЭН-цэнтра цалкам.

Крыніца: ПЭН-цэнтр: За першае паўгоддзе ў Беларусі зафіксаваны 621 выпадак парушэння культурных правоў і правоў дзеячаў культуры