Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый Мінск, 14 чэрвеня 2021 г.

У сувязі з вынясеннем прысудаў судом Маскоўскага р-на г. Брэста Андрэю Коласу(асуджаны на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ па ч. 2 арт. 339 КК, накіраваны для адбыцця пакарання) і судом Цэнтральнага р-на г. Гомеля  Яўгену Зялкоўскаму(асуджаны на тры з паловай гады пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 339КК) мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае:

Андрэй Коласпастановай следчага Брэсцкага міжраённага аддзела СК ад 17.02.2021 г. быў прызнаны абвінавачаным у здзяйсненні злачынства, прадуглежанага ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства).

Згодна з прад’яўленым Андрэю Коласуабвінавачваннем, ён разам з іншымі грамадзянамі (В. Завадскай і Ю. Бодак)  23.10.2020 г. вырабілі  пудзіла, “прадстаўляя яго перад грамадскасцю як прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, далучыўшы да яго два аркушы паперы, на якіх неўстаноўленая асоба ўчыніла надпіс “скраў галасы” і “асудзіў невінаватых”,разам з іншымі асобамівывесіла пудзіла на дрэве на ўчастку мясцовасці па Варшаўскай шашытым самым выставіўшы пудзіла на агляд невызначанаму колу асобаў”. Такім чынам, па меркаванні следства, Андрэй Колас здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства)  — наўмысныя дзеянні, здзейсненыя групай асобаў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, выражаюць яўную непавагу да грамадства і вызначаюцца выключным цынізмам.

Сутнасць дзеянняў – змест надпісаў, а таксама выгляд пудзіла, па нашым меркаванні, сведчаць аб іх пратэстным змесце. Відавочна, што  мэтай дадзенага ўчынку было выказванне свайго пратэсту і нязгоды з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і склаўшайся сітуацыяй у краіне ў поствыбарчы перыяд.

Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі.

У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.

Абвінавачаны не пасягаў на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці. Самі надпісы не ўтрымліваюць нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах.

Такім чынам, гэтыя дзеянні нельга кваліфікаваць як хуліганства.

Накіраванне асуджанага для абыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі ў папраўчую установу адкрытага тыпу дазвяляе нам разглядаць яго як асобу, якая знаходзіцца ў месцах несвабоды.

18 траўня 2021 г. прысудам суда Цэнтральнага р-на г. Гомеля Яўген Зялкоўскі быў асуджаны да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства).

Згодна з абвінавачваннямі, Яўген Зялкоўскі ў восень мінулага году двойчы ўсталёўваў у безлюдных месцах горада бел-чырвона-белы сцяг са скрынкамі, размешчанымі побач, якія, паводле следства, можна было прыняць за выбуховыя прылады. У скрынках былі карыкатуры на АМАПаўцаў і петарда без змесціва. Першапачаткова крымінальная справа ў дачыненні да Яўгена была ўзбуджаная па ч. 3 арт. 339 КК і пазней перакваліфікаваная на ч. 2 гэтага артыкула.

Дзеянні абвінавачанага насілі выключна пратэстны характар і з’яўляліся выказванннем меркавання аўтара на грамадска-палітычныя падзеі ў краіне і не былі цынічнага ці абразлівага зместу, не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў, не насілі грамадска-небяспечны характар. Трэба адзначыць, што асуджаны не заяўляў аб намеры здзёйсніць нейкія грамадска-небяспечныя дзеянні, а таксама не прадпрымаў дзеянняў, скіраваных на заведама ложны выклік спецслужбаў, якія можна было б разглядаць як здзейсненыя з хуліганкскіх матываў і памкненняў.

Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі.

У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Андрэя Коласа і Яўгена Зялкоўскага палітычна матываваным, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

  1. Неадкладнага і безумоўнага вызвалення Андрэя Коласа і Яўгена Зялкоўскага, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
  2. Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";

"Ініцыятыва FORB";

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";

Беларусі ПЭН-цэнтр;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Крыніца: Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў Андрэя Коласа і Яўгена Зялкоўскага