Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9 і 10 чэрвеня працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Пераслед 10 чэрвеня

Мінск

Спіс затрыманых у Мінску:

Сяргея затрымалі па дарозе на працу. Яго машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, з машыны выштурхнулі жанчыну людзі з аўтаматамі і ў шлемах. Адабралі тэлефоны, праверылі кампутары. Сяргея затрымалі і адвезлі дадому, дзе правялі ператрус, пасля чаго адвезлі ў ГУБАЗіК. Па папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

Салігорск

У Салігорску супрацоўнікі АМАПу затрымалі відэамантажора Iгара Сцяпурка. Раней ён распавядаў, што да яго ламiлicя ў дамафон. 

Жабінка

Як піша "Белсат", сёння з раніцы яны прыйшлі дадому да 49-гадовай Наталлі Дырман з аграгарадку Хмелева і правялі ў яе вобшук, пасля чаго затрымалі саму гаспадыню.

*Наталля Дырман – вядомы ў рэгіёне чалавек, заснавальніца і фронтмэн народнага калектыву гумару і песні «Хмелеўскія валацугі». Прызнавалася «Чалавекам году» у галіне культуры на Берасцейшчыне, мае шмат узнагарод, маці траіх дзяцей. У жніўні Наталля звольнілася з дзяржаўнай працы.

Магілёў

Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы "Вясны", палітвязня Валадара Цурпанава, які пакуль знаходзіцца ў турме №4 г. Магілёва, да 11 чэрвеня змясцілі ў карцар. За што менавіта яго туды накіравалі – невядома.

Раней актывісту, дысідэнту і праваабаронцу Валадару Цурпанаву замянілі 3 гады "хіміі" на 2 гады калоніі агульнага рэжыму за нібыта ўхіленне ад адбыцця пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

Пераслед 9 чэрвеня

Кобрын

У Кобрыне затрыманы Раман Дзмітрук і яшчэ трое чалавек. Прычына затрымання не названая. У суботу ў Кобрыне будзе праходзіць фестываль "Вытокі".

Гомель

Па інфармацыі гомельскай «Вясны», 9 чэрвеня ў Гомелі на працы затрымалі 34-гадовага Яўгена Марынца. Адтуль яго павезлі на ператрус у ягоную кватэру. Цяпер месцазнаходжанне і статус мужчыны высвятляецца.

Мінск

У Мінскай Грушаўцы затрымалі Яўгена Жураўлёва. Гэта адбылося каля Белаграпрамбанка на Чыгуначнай. Хлопца змясцілі ў аўтобус і звезлі ў невядомым накірунку. Абставіны і прычыны затрымання высвятляюцца.

Таксама ў Мінску затрымалі Дзмітрыя Качаноўскага. Прычына — зняў дзяржаўны сцяг з дзіцячага садка. Мужчыну даставілі ў Заводскі РУУС.

Паведамляецца пра затрыманне ў Мінску Галіны Марозавай. З Заводскага РУУС яе адпусцілі да суда.

Палітзняволеную блогерку Вольгу Такарчук на 7 сутак змясцілі ў карцар. Бацькі даведаліся гэта, калі ў турме ў Жодзіне ў іх не прынялі перадачу для дачкі. Там яна абвясціла галадоўку.

«Яна абвясціла галадоўку праз надуманую падставу для змяшчэння яе ў карцар. Тэрмін 7 сутак, з 7 па 14 чэрвеня. Оля ў цэлым адчувае сябе нядрэнна, але карцар ёсць карцар. З ёй працуе псіхолаг», — сказаў ён.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Каля дзясятка затрыманых за два дні. Хроніка палітычнага пераследу 9 і 10 чэрвеня