Таццяна Туравец. Фота: "Віцебская Вясна". Суд Віцебскага раёну 7 траўня працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да жыхаркі пасёлку Ноўка Таццяны Туравец.

Артыкул 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў УС), паводле якога абвінавачваюць Туравец, прадугледжвае да 6 гадоў пазбаўлення волі. Пацярпелымі ў справе праходзяць 4 міліцыянты.

Справу разглядае суддзя Наталля Траццякова.

Паводле абвінаваўцы, уначы з 9 на 10 лютага Таццяна Туравец перашкаджала законнай дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі, а менавіта – правесці ператрус у яе доме. Жанчына нібыта чыніла актыўны супраціў, хапала іх рукамі, выпіхвала з дому, пагражала фізічнай расправай, абражала. Дзеянні Туравец у дачыненні да пацярпелых Сергіенкі, Старчанкі, Філіпенкі, Шутава пракуратура палічыла наўмыснымі. Міліцыянты вымушаныя былі ўжыць у дачыненні да яе фізічную сілу і надзець на рукі кайданкі.

Сваёй віны Таццяна Туравец не прызнала.

Другое судовае паседжанне павінна было адбыцца 4 траўня. Аднак па прычыне неяўкі ў суд двух сведкаў суддзя Наталля Траццякова вымушаная была перанесці разгляд справы.

У гэты дзень, як паведамляла “Віцебская Вясна”,  у судзе ў якасці сведкі быў апытаны начальнік крымінальнага вышуку Віцебскага РАУС Віктар Драгацэнны. Ён пацвердзіў, што 9 лютага ягоныя падначаленыя Філіпенка і Старчанка бралі ўдзел у тэрміновых следчых дзеяннях паводле арт. 328 КК. Выязджалі па азначаным адрасе ў Ноўку і затрымлівалі Таццяну Туравец, якая не пагаджалася на правядзенне вобшуку.

Пасля расповеду Драгацэннага адвакатка задала некалькі пытанняў наконт затрымання Таццяны Туравец. Адно з іх тычылася неабходнасці тэрміновага затрымання гаспадыні дому да прыходу прадстаўніка сельскага выканкаму. Адказы Віктара Драгацэннага зводзіліся да таго, што ва ўсіх эпізодах дзеянні яго падначаленых не супярэчылі дзейнаму заканадаўству.

Сведка з боку абвінавачанай Туравец Марыя Волкава паведаміла суду, што ў тую ноч у яе быў дзень народзінаў, і Ангеліна Туравец (дачка Таццяны) на ім прысутнічала. Таццяна Туравец званіла якраз на тэлефон Марыі, каб спраўдзіць, ці дачка па-ранейшаму з ёй. Тэлефон дачкі быў адключаны, а міліцыянты сцвярджалі, што дачку затрымалі. Са словаў Волкавай, Таццяна была ўсхваляваная, казала, што невядомыя мужчыны пераконваюць яе, нібыта яны міліцыянты. Паведаміла, што ведае Таццяну толькі з добрага боку – як спакойнага і не канфліктнага чалавека.

Сведка Рабавых ў суд не з’явіўся. У сувязі з гэтай акалічнасцю суддзя Наталля Траццякова з улікам немагчымасці разглядаць справу без прысутнасці сведкаў суд пастанавіў даставіць Рабавых у суд Віцебскага раёну ў прымусовым парадку. Таксама ў суд мусіць з’явіцца пацярпелы Старчанка.

«Укусіла міліцыянта за палец». У Віцебску пачаўся чарговы працэс за гвалт да супрацоўнікаў МУС

Туравец не адмаўляла, што ўкусіла Старчанку, бо той пры затрыманні пальчаткай на нейкі момант закрыў ёй рот. Патлумачыла: канчаткова зразумела, што перад ёй міліцыянты толькі пасля таго, як прыехаў следчы ў форменнай вопратцы.

Сёння суд дапытвае сведак – маці і дачку, якія былі выкліканыя 9 лютага ў дом ў якасці панятых на ператрус. Ім патэлефанавалі пасля 23 гадзін і сказалі каб б яны пабылі панятымі.

Маці-панятая сказала, што Таццяна Туравец ударыла Старчанку і ўкусіла яго праз пальчатку. Панятая заўважыла кроў.

У сведак запытваліся пра пагрозы ў адрас супрацоўнікаў міліцыі.

Туравец, па іх словах, крычала, выганяла ўсіх, абзывала мянтоў свіннямі, сволачы.

Абедзьве панятыя кажуць, што Туравец выпіхвала ўсіх з хаты, не ўпускала ў дом, абзывалася, сказала не дасць правесці ператрус, таму што папера на імя дачкі, якая даўно дома не пражывае, што Таццяна тэлефанавала дачцы і пыталася дзе яна знаходзіцца.

Апраналі Таццяне Туравец кайданкі трое супрацоўнікаў міліцыі: адзін трымаў ногі, другі рукі, а трэці апранаў кайданкі.

Калі была ў кайданках сказала што рука баліць, прасіла зняць кайданкі.

Будзе дапоўнена.

Крыніца: Кайданкі апраналі трое: адзін трымаў ногі, другі - рукі, а трэці іх зацягваў. Працяг суда над Таццянай Туравец