Суд над сябрамі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай у Гомелі 12 красавіка. Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 12 красавіка пачаў разгляд гучнай крымінальнай справы, заведзенай на сябраў ініцыятыўнай групы кандыдаткі Святланы Ціханоўскай.

На лаве падсудных - чацвёра:

Таццяна Канеўская, палітзняволеная, давераная асоба кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках);

Таццяна Васільеўна Канеўская - давераная асоба кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Гомелі. Вядомая ў гомельскім рэгіёне актывістка. Сама яна прыйшла ў актывізм праз змаганне за свабоду свайго сына, якога асудзілі па наркатычным артыкуле. Яна некалькі гадоў змагалася за змены ў антынаркатычные заканадаўства ў якасці прадстаўніцы ініцыятывы “Матчын рух 328”. Таццяна з'яўлялася ініцыятаркай галадоўкі маці асуджаных за наркотыкі. У парламенцкіх выбарах-2019 яна брала ўдзел у якасці кандыдаткі ў дэпутаты. Вечарам 6 жніўня 2020  года  ў доме Таццяны Канеўскай правялі вобшук, а зранку сілавікі прыйшлі ў дом Канеўскай з паўторным вобшукам. Жанчыну затрымалі.

Юрый Уласаў, палітзняволены,  давераная асоба кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай па Гомельскай вобласці. 

Быў затрыманы 6 жніўня ў Гомелі. Да яго прыйшлі дадому з вобшукам у межах крымінальнай справы: нібыта Уласаў 15 лістапада 2019 года абражаў супрацоўнікаў міліцыі. Пазней Юрыю Уласаву было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – «Удзел у масавых беспарадкаў».

Дзмітрый Івашкоў, палітзняволены,  сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Аляксандр Шабалін, палітзняволены, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай

Сёмага чэрвеня быў затрыманы ля свайго пад’езду і дастаўлены ў РАУС Цэнтральнага раёна. Аляксандр раніцай меўся ехаць на пікет па зборы подпісаў. У 11.30 калі ён выйшаў з пад’езда да яго падышлі некалькі супрацоўнікаў міліцыі і ўручылі яму позву, дзе ён выклікаўся ў якасці сведкі па нейкай крымінальнай справе. У РАУСе Навабеліцкага раёну ён быў апытаны па двум крымінальным справам, па якім ён нічога і нікога не ведаў.

Справу разглядае суддзя Аляксей Хлышчанкоў. 

Сёння на працэс прыйшло каля 40 чалавек (сваякі, група падтрымкі і журналісты), але ў залю здолелі патрапіць лічаныя людзі. Была ўведзена антыкавідная рассадка. У фае на першым паверсе паставілі металадэтэктарную рамку, забаранілі фота-відэа здымкі нават на калідоры. Наведвальнікаў паседжання прымусілі здаць тэлефоны ў камеру захоўвання. Каля суду ходзіць патруль амапаўцаў і стаіць супрацоўнік ДАІ. 

Алена Тоцкая, якую як і іншых не пусцілі на паседжанне суду, напісала скаргу ў кнігу скаргаў. Яна пазначыла, што яе права прысутнічаць на адкрытым судовым працэсе было парушана. Апроч чатырох сваякоў нікога з ахвотных наведаць працэс не пусцілі супрацоўнікі суду.

На судзе пацярпелыя заявілі хадайніцтва аб тым,  каб іх дапытвалі без наведвальнікаў у закрытым рэжыме. Зараз ідзе іх допыт. 

На пачатку працэсу Юрый Уласаў заявіў адвод суддзі Хлышчанкову. Суддзя яго адхіліў. Сваякі абвінавачваемых кажуць, што і суддзя, і пракурор кажуць вельмі ціха, так што немагчыма нічога расчуць. Нават пасля іх просьбы казаць гучней, сітуацыя не палепшылася.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.  

Крыніца: Гомель: Пачаўся суд над сябрамі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай