30.03.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Прайшлі ператрусы і затрыманні сярод полацкіх музейшчыкаў

Паводле крыніц @Nashaniva, учора сілавікі зрабілі маштабную аблаву ў Нацыянальным Полацкiм гісторыка-культурным музеі-запаведніку. Агулам было затрымана 8 чалавек.

Па інфармацыі праваабаронцаў, сярод затрыманых былая дырэктарка Полацкага Гістарычнага запаведніка Тамара Джумантаева, наваполацкія фатографы Кірыл Смалякоў і Ігар Супраненка, кандыдат філасофскіх навук, супрацоўнік Музея Кнігадрукавання ў Полацку Ігар Бортнік.

Прайшлі ператрусы ў рэпетэцыйным цэнтры «100 балаў» у Мінску і рэгіянальных філіях

Як стала вядома @radiosvaboda, забралі новую дырэктарку цэнтру Тацяну Карней. Прычына не вядомая.

Вядомы рэпэтытар, саўладальнік цэнтру «100 балаў» Яўген Лівянт, яго жонка Юлія, старэйшая дачка Ганна, зяць Мікіта Драздоў і саўладальнік цэнтру Аляксей Іваноў знаходзяцца за кратамі, іх вінавацяць паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Ператрусы ў актывістаў, што збіраюць подпісы супраць будаўніцтва новага цэха «Камунаркі»

Паведамляецца, што ніхто з актывістаў не затрыманы. З людзьмі правялі размову, падчас якой супрацоўнікі сказалі, што «выканкам нервуецца» і «настойліва папрасілі не перашкаджаць рабоце дзяржаўных органаў».

Новы цэх «Камунаркі» плануюць пабудаваць у раёне вуліцы Ангарскай. Гаворка ідзе аб стварэнні на 11 гектарах інавацыйнай імпартазамяшчальнай вытворчасці поўнага цыкла перапрацоўкі какава-бабоў. Пляцоўка, дзе можа размясціцца вытворчасць, знаходзіцца ў раёне вуліцы Герасіменкі, 57, — у межах вуліц Ілімскай, Ангарскай і завулка Балотнікава.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Ператрусы па ўсёй краіне: хроніка пераследу 30 сакавіка