25.03.2023 Тэгі: палітвязні, праваабаронцы Асобы: Алесь Бяляцкі У Цэнтры беларускай культуры і супольнасці ў Вільні 28 сакавіка адбудзецца прэзентацыя кнігі “Алесь Бяляцкі”, прысвечаная палітзняволенаму беларускаму праваабаронцу і нобелеўскаму лаўрэату міру Алесю Бяляцкаму.

Удзел у прэзентацыі возьме Наталля Пінчук, жонка праваабаронцы, а таксама сябры і паплечнікі нобелеўскага лаўрэата.

Кніга “Алесь” пабачыла свет напрыканцы мінулага года дзякуючы выдавецтву “Полацкія лабірынты” і Беларускаму ПЭН-цэнтру.

Першая прэзентацыя кнігі адбылася ў Вільні ў межах міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце” імя Міхася Стральцова 11 лютага.

Пра што кніга? Выданне складаецца з тэкстаў, апублікаваных у незалежных беларускіх СМІ і ў інтэрнэт-блогах Алеся Бяляцкага, успамінаў розных часоў, вытрымак з ягоных лістоў на волю, а таксама з выказванняў калег, сяброў і паплечнікаў Бяляцкага, праз якія можна паглядзець на тое, якім Алесь быў у іх жыцці. Уключаны ў кнігу таксама і знакавыя фотаздымкі Алеся.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі ПЭН Цэнтр і іншыя ініцыятывы.

Запрашаем жадаючых наведаць прэзентацыю, якая адбудзецца ў аўторак 28 сакавіка ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасці (Vilniaus gatve, 20).

Пачатак у 18 гадзін.

Крыніца: Прэзентацыя кнігі "Алесь Бяляцкі" з удзелам жонкі нобелеўскага лаўрэата Наталлі Пінчук адбудзецца ў Вільні