03.12.2022 Тэгі: правы чалавека Крымінальны пераслед апанентаў улады і іншадумцаў у Беларусі па-ранейшаму застаецца найбольш жорсткай формай рэпрэсій. Значная частка асуджаных — гэта ўдзельнікі пратэсных выступаў 2020 года. Прыкметы пераследу паводле палітычных матываў дазваляюць ацэньваць такія дзеянні ўладаў як злачынства супраць чалавечнасці. Паводле стану на 30 лістапада 2022 года палітычнымі зняволенымі ў Беларусі прызнаныя 1447 чалавек. Акрамя таго, ужо больш як 440 палітвязняў вызваленыя з прычыны змены меры стрымання ці адбыцця пакарання.

Высновы

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

За сёлетні лістапад праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітычнымі зняволенымі 139 чалавек. Абвінавачванні збольшага датычылі распальвання сацыяльнай варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады, удзелу ў мірных сходах, абразы прадстаўнікоў улады, у тым ліку А. Лукашэнкі, сувязяў з суб'ектамі, прызнанымі экстрэмісцкімі фармаваннямі, намераў далучыцца да Узброеных Сіл Украіны. 

Па-ранейшаму ў следчым ізалятары паводле новых адвольных абвінавачванняў працягваюць утрымліваць сябраў ПЦ "Вясна": старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары Уладзімір Лабковіч. Напрыканцы месяца іх крымінальная справа была накіраваная ў суд. У ліку абвінавачаных апынуўся і сябра "Вясны" Зміцер Салаўёў, папярэдняе следства ў дачыненні да якога было праведзена паводле спецыяльнай працэдуры. Дата пасяджэння не вызначаная, абвінавачванні ў адносінах да Змітра Салаўёва будуць разгледжаныя завочна.

Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк, асуджаныя да 15 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна, чакаюць апеляцыйнага перагляду крымінальнай справы; сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка асуджаны да трох гадоў і адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі.

29 лістапада суд Першамайскага раёна Мінска ў трэці раз запар арыштаваў праваабаронцу Насту Лойку на 15 сутак з надуманых абвінавачванняў у дробным хуліганстве. На папярэднім пасяджэнні Лойка распавядала, што зазнала катаванні — супрацоўнік ГУБАЗіК ударыў яе электрашокерам, а ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў яе без верхняй вопраткі пакідалі на вуліцы на працягу васьмі гадзін.

Палітзняволеная Марыя Калеснікава, якая адбывае пакаранне ў гомельскай ПК № 4, у цяжкім стане трапіла ў рэанімацыйнае аддзяленне лякарні ў г. Гомеля. Згодна з наяўнай інфармацыяй, яе на працягу працяглага часу не мог наведаць адвакат, які раней звяртаў увагу уладаў на стан здароўя палітзняволенай. Да шпіталізацыі Марыя Калеснікава ўтрымоўвалася ў штрафным ізалятары.

18 лістапада ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска разгледзелі справу аб узмацненні жорсткасці пакарання палітзняволенаму баранавіцкаму блогеру Змітру Цімафееву. Суд пастанавіў перавесці яго з папраўчай установы адкрытага тыпу ў папраўчую калонію тэрмінам на 3 месяцы і 15 дзён. З чэрвеня палітвязня ўтрымлівалі больш за 70 сутак у штрафным ізалятары з надуманых прычынаў, а на судзе ён заявіў пра невыносныя ўмовы ўтрымання ва ўстанове.

Стала вядома пра тое, што суд Ваўкавыскага раёна разгледзеў пытанне наконт ужывання мер медыцынскага характару ў дачыненні да палітзняволенага Юрыя Кавалёва, які мусіў выйсці на волю праз тры дні, аднак яму было прад'яўлена абвінавачванне ў "злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі" (арт. 411 Крымінальнага кодэкса). Ініцыятарам завядзення справы выступіла адміністрацыя ваўкавыскай калоніі № 11, дзе палітвязень адбываў тэрмін за абразу Лукашэнкі. Юрыя прызналі бессвядомым, суд прызначыў яму прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары, і цяпер палітвязня супраць ягонай волі трымаюць у лякарні, уводзяць лекавыя прэпараты і жорстка абмяжоўваюць у кантактах з роднымі і блізкімі.

У судзе Шклоўскага раёна 9 лістапада асудзілі 40-гадовага палітзняволенага Івана Зянько паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя Аляксандр Тараканаў прысудзіў Івану ў дадатак да пяці гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі. Гэта ўжо трэці суд над Іванам за два гады знаходжання ў зняволенні. Цяпер палітвязень чакае разгляду апеляцыйнай скаргі ў магілёўскай турме № 4.

Вольгу Анішчук, жонку палітзняволенага Арцёма Анішчука, які зазнаваў катаванні у магілёўскай калоніі і быў асуджаны паводле дзвюх крымінальных спраў, затрымалі 4 лістапада. Яе тры разы паслядоўна арыштоўвалі за перасланыя  ў асабістай перапісцы паведамленні з "экстрэмісцкіх" Telegram-каналаў. Перад другім перазатрыманнем на праўладных Telegram-каналах з'явілася відэа з ёй, дзе называецца сапраўдная прычына затрымання жанчыны — "нагнятала ўкідамі і фэйкамі сітуацыю вакол пенітэцыярнай сістэмы, закідвала дзяржорганы надуманымі скаргамі": гаворка ішла пра барацьбу Вольгі Анішчук за спыненне жорсткага абыходжання і катаванняў у калоніі у дачыненні да ейнага мужа. Праваабаронцам стала вядома, што Вольга абвясціла галадоўку на знак пратэсту супраць здзекаў з яе, а яе мужа Арцёма змясцілі ў ШІЗА ў бабруйскай калоніі.

У Гродзенскім абласным судзе 16 лістапада прафсаюзнага актывіста Андрэя Ханевіча асудзілі паводле арт. 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса і прызначылі яму пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Справу разглядаў суддзя Віталь Кулеш.

У Мінскім абласным судзе 15 лістапада да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі асудзілі палітзняволенага старшыню Незалежнага прафсаюза на "Беларуськаліі" Аляксандра Мішука паводле ч. 1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспубліцы Беларусь). Справу разглядала суддзя Вікторыя Паляшчук.

У Гомельскім абласным судзе працягваецца разгляд "справы Рабочага Руху", фігурантамі якой праходзяць адразу дзесяць палітвязняў:  Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Аляксандр Капшуль. Іх усіх абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, а таксама паводле шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Усе яны не прызналі віну.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Па-ранейшаму, пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 г., у Беларусі не адбылося ніводнага санкцыянаванага ўладамі масавага мерапрыемства апазіцыі. Закон "Аб масавых мерапрыемствах" ставіць непераадольныя перашкоды для правядзення мірных сходаў; змены, унесеныя ў закон у 2021 годзе, яшчэ больш скарацілі магчымасці для правядзення мірных сходаў у вызначаным законам парадку. Пазбаўленне і абмежаванне волі ўдзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў працягвае заставацца найбольш цяжкімі парушэннямі свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў.

Мінулі два гады, але суды ўсё яшчэ выносяць прысуды ў дачыненні да пратэстоўцаў 2020 года.

3 лістапада 2022 года суддзя суда Ленінскага раёна г. Мінска Таццяна Шоцік прызнала Мікалая Буцкага вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса і асудзіла яго да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у 2020 годзе браў удзел у пратэсным Маршы ў Мінску разам з групай асобаў, рухаўся па праспекце Пераможцаў, выходзячы на праезную частку і замінаючы руху грамадскага транспарту, тым самым "груба парушаў" грамадскі парадак. Аднак Мікалай заявіў, што рухаўся пераважна на тратуары, выходзіў на праезную частку, толькі каб перайсці дарогу. Руху грамадскага транспарту не перашкаджаў, бо дарога была перакрытая супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

4 лістапада 2022 года ў судзе Партызанскага раёна г. Мінска вынесены прысуд каталіцкаму і грамадскаму актывісту Мікалаю Арцюхову. Яго абвінавацілі ў закліках да акцый пратэсту ў сацыяльных сетках і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Наталля Дзядкова.

11 лістапада 2022 года ў судзе Партызанскага раёна г. Мінска вынесены прысуд жыхарцы Светлагорска Наталлі Зорынай, абвінавачанай у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч. 1. арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Міхаіл Макарэвіч. Згодна з матэрыяламі справы, Зорына ўзяла ўдзел у адной з акцый пратэсту ў 2020 годзе ў Мінску. Ейныя дзеянні пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту. Суд прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады.

16 лістапада 2022 года суддзя суда Ленінскага раёна г. Мінска Таццяна Шоцік прызнала Аляксандра Кухарэнку вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і асудзіла яго да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Аляксандр Кухарэнка — гітарыст гурта Awakening Our Memories, які грае музыку ў жанры melodic metalcore.

Па-ранейшаму вялікая колькасць прысудаў выносяцца паводле дыфамацыйных артыкулаў — за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады. Абвінавачаных асуджаюць да пазбаўлення ці абмежаванню волі, а таксама да велізарных штрафаў.

2 лістапада 2022 года ў судзе Пухавіцкага раёна суддзя Вольга Бабук вынесла прысуд у дачыненні да палітзняволенага лекара-неўролага Аляксандра Цялегі. Аляксандра прызналі вінаватым паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 366 (пагроза гвалтам у дачыненні да службовай асобы). На пачатку года яго ўжо асудзілі ў Гродне да чатырох гадоў зняволення за 32 каментары ў адносінах да суддзяў, чыноўнікаў, сілавікоў. Палітвязня ўжо накіравалі адбываць тэрмін у бабруйскую калонію № 2, але супраць яго зноў распачалі крымінальную справу за каментары — на адрас вайскоўца, які стрэліў у жніўні 2020 года ў берасцейца Генадзя Шутава. Цяпер лекара судзілі ў Мар'інай Горцы — менавіта там размешчаная вайсковая частка № 89417 сіл спецыяльных аперацый, у якой служыў гэты вайсковец. Ён, як і ў справе супраць палітзняволенага Аляксандра Кардзюкова і загінулага Генадзя Шутава, праходзіў на гэтым працэсе пацярпелым.

Сёлета 25 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе суддзя Алена Касцюкевіч вынесла прысуд палітвязню, бацьку семярых дзяцей Максіму Лацунцэвічу. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 130 (Распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы), а таксама арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса і асудзілі да года і дзесяці месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама ён павінен выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь (3 200 беларускіх рублёў). Максім Лацунцэвіч быў затрыманы 29 верасня 2021 года ў межах "справы Зельцэра".

17 лістапада 2022 года ў судзе Мёрскага раёна абвешчаны прысуд 69-гадовай былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эме Сцепулёнак. Пенсіянерку трымалі за кратамі амаль год, але ў сярэдзіне верасня жанчыне змянілі меру стрымання і перавялі на хатні арышт. Эму Антонаўну абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады). Суддзя Ірына Яскевіч прызначыла палітзняволенай два гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе ўзялі пад варту ў зале суда. У зняволенні ёй засталося адбыць прыкладна 4 месяцы.

Адміністратыўны пераслед: у лістападзе 2022 года "Вясне" стала вядома пра 206 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. 31 чалавек былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу, 95 — да адміністрацыйнага арышту.

Катаванні і негуманнае абыходжанне

Палітвязняў адпраўляюць у ШІЗА па некалькі разоў запар. Уладзімір Кніга, былы сілавік і валанцёр каманды Святланы Ціханоўскай, больш за 4 месяцы ўтрымліваецца ў ШІЗА — пра гэта распавёў Сяргей Ціханоўскі ў сваім лісце. Сам Сяргей Ціханоўскі правёў два месяцы ў ШІЗА і быў вызвалены адтуль напрыканцы кастрычніка. Імаверна, лідар партыі Народная Грамада, палітзняволены Мікалай Статкевіч чарговы раз змешчаны ў ШІЗА

Былыя палітвязні бабруйскай калоніі № 2 распавялі пра ціск у ёй: палітвязняў змяшчаюць у ШІЗА, ПКТ, на іх распачынаюць крымінальныя справы за парушэнне рэжыму, пазбаўляюць спатканняў і перадач. Асуджаныя па палітычна матываваных справах у калоніі пазначаюцца “жоўтымі біркамі”, якія азначаюць прафілактычны ўлік як “схільных да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці”. Некаторыя зняволеныя таксама пазначаюцца “чырвонымі біркамі”, то бок стаяць на прафуліку як “схільныя да ўцёкаў”.

Палітзняволенаму Аляксандру Патапаву адмаўляюць у медыцынскай дапамозе. На судзе ён казаў пра дрэнны стан здароўя і турботу за сваё жыццё, але замест правядзення медыцынскага абследавання яго змясцілі ў ШІЗА.

Працягваецца публікаванне "пакаяльных відэа" — на іх затрыманыя на камеру "каюцца" ў сваіх поглядах і перакананнях, "прызнаюцца" ў тым, што ўлады лічаць правапарушэннямі. Так, з’явілася відэа з Віктарам Гурко, дзе ён кажа пра свой удзел у мірных сходах. Сяргея Рудзянкова, Алега Салу, Дзяніса Пішчалу і Ілону Зайцаву вымусілі “прызнавацца” ва ўдзеле ў мірных сходах і падпісцы на Telegram-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі. "Пакаяльнае відэа" пра ўдзел у мірных сходах з’явілася з Андрэем Фаміным, якому былі прад’яўлены крымінальныя абвінавачванні. Пра падпіску на “забароненыя” Telegram-каналы на “пакаяльным відэа” кажа Віктар Марчык і два жыхары Асіповічаў, імёны якіх невядомыя. Паўла Гушчу прымусілі прасіць прабачэння за тое, што ён паказаў сярэдні палец расійскім вайскоўцам. Андрэя Кірпічэнку, затрыманага за падтрымку Украіны ў TikTok, вымусілі сказаць, што ён цяпер падтрымлівае расійскае войска, і падпяваць песні "День Победы". Андрэй Цыпак на відэа “сазнаецца” ў перадачы канфідэнцыйнай інфармацыі ініцыятыве “Чорная кніга Беларусі”. З’явілася таксама відэа з Instagram-блогерамі Кацярынай і Сяргеем Чарэшкамі.

Гомельскія праўладныя Telegram-каналы пачалі выкладаць “пакаяльныя відэа” з затрыманымі за падпіску на “экстрэмісцкія” старонкі, сярод затрыманых былі дзве вясковыя настаўніцы.

Пасля масавых рэйдаў на асуджаных да абмежавання волі ў праўладных Telegram-каналах з’явіліся відэа з людзьмі, якія нібыта прайшлі рэгістрацыю ў чат-боце плана “Перамога”, а таксама з затрыманымі за татуіроўкі герба “Пагоня” і абрэвіятуры ACAB. Таксама з’явілася відэа з асуджаным: затрыманы нібыта выдаваў сябе за байца Узброеных Сіл Украіны і збіраў ахвяраванні ў TikTok.

Таксама ў праўладных Telegram-каналах з’явілася відэа з затрыманнем за налепку на аўто — мужчыну брутальна выцягваюць з машыны і кідаюць на асфальт. Увесь гэты працэс здымаецца на відэа. Далей на запісу відаць, што ў яго рассечаны лоб.

Былы сукамернік палітвязня Мікалая Брэдзелева распавёў, што Мікалай і ягоны сябар Аляксей трапілі ў ЦІП моцна збітымі. Мікалай быў асуджаны на 15 сутак арышту, а потым пераведзены ў СІЗА-1. У шпіталь яго не адвозілі.

Дзмітрый Сасноўскі, фігурант “справы АГСБ”, заявіў у судзе, што пасля затрымання да яго ўжывалі гвалт і катаванні, прымусілі напісаць чыстасардэчнае прызнанне.

Палітвязень Ілля Ягораў паведаміў пра фізічны гвалт з боку супрацоўніка ІЧУ.

Былая палітзняволеная распавяла пра ўмовы ўтрымання ў РАУС, на Акрэсціна ды ў СІЗА Жодзіна і Мінска, а таксама пра бесчалавечныя ўмовы на этапе з Жодзіна ў Мінск. А былы арыштант падзяліўся інфармацыяй пра ўмовы ўтрымання ў ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна ў траўні 2022 году, пасля масавых затрыманняў на антываенных пратэстах.

Святар Уладзіслаў Багамольнікаў трэці месяц знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна, ён утрымліваецца ў няволі шэсць арыштаў запар. Паведамляюць, што ён трымаў за кратамі галадоўку.

Праваабаронца з Human Constanta Наста Лойка пяты раз за восень атрымлівае 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле абвінавачання ў дробным хуліганстве. У папярэдні раз яе затрымлівалі 6 верасня і вызвалілі толькі 6 кастрычніка, а 28 кастрычніка зноў затрымалі. На папярэднім судзе Наста казала, што за час адбывання папярэдніх 15 сутак (прызначаны 31 кастрычніка), яе двойчы адводзілі на размовы з супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, дзе адзін раз яе ўдарылі электрашокерам, а 11 лістапада адзін з супрацоўнікаў ЦІПа вывеў яе ва ўнутраны дворык і пакінуў без верхняй вопраткі на 8 гадзін, пасля чаго яна моцна захварэла. Доўгі час яна ўтрымлівалася без перадач, юрыдычнай і медыцынскай дапамогі.

Дар’я Лосік і Вольга Анішчук, жонкі палітзняволеных, якія змагаліся за спыненне катаванняў і жорсткага абыходжання з іх мужамі, апынуліся за кратамі. На Дар’ю распачалі крымінальную справу за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу). Вольга адбывае чацвёрты адміністрацыйны арышт запар, яна абвесціла галадоўку супраць здзекаў у Магілёўскім ІЧУ.

Свабода асацыяцый

У лістападзе пачаліся масавыя вобшукі, затрыманні і допыты актывістаў Руху "За Свабоду" — у іх намагаліся атрымаць інфармацыю пра кіраўніцтва арганізацыі. Колькі ўсяго актывістаў зазналі ціск, не паведамляецца. Пра актывістку Валянціну Болбат вядома, што яна атрымала 10 сутак арышту, меркавана — паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі ініцыятывы "Страна для жизни" і "Посполитое рушение".

Пачаўся разгляд справы актывістаў незалежнага прафсаюзу — палітвязняў Генадзя Фядыніча, Васіля Бераснева і Вацлава Арэшкі.

Супраць удзельнікаў Аб'яднанага пераходнага кабінета распачалі спецыяльную вытворчасць. Абвінавачаныя па ёй могуць быць асуджаны завочна.

Справа ў дачыненні да сябраў "Вясны" Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Змітра Салаўёва перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд. Яны абвінавачваюцца ў фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 2 арт. 342), і кантрабандзе (арт. 228 Крымінальнага кодэкса).

Пераслед журналістаў і супрацоўнікаў СМІ

На канец лістапада ў месцах зняволення ўтрымліваюцца 32 журналісты і супрацоўнікі медыя.

У Гродзенскім абласным судзе 28 лістапада меўся пачацца разгляд крымінальнай справы палітзняволенага Андрэя Пачобута. Пасяджэнне адклалі з невядомых прычынаў, а новую дату пакуль не назвалі. Андрэя абвінавачваюць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК) і закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый) (ч. 3 арт. 361 КК). Справу вядзе суддзя Дзмітрый Бубенчык. Андрэй Пачобут — сябра Рады Саюза палякаў у Беларусі, журналіст, паэт, лідар панк-гурта Deviation.

Журналіста бесперапынна ўтрымліваюць пад вартай ужо 20 месяцаў. Андрэя затрымалі 25 сакавіка 2021 у ягонай кватэры, дзе правялі ператрус. Спачатку мужчына ўтрымліваўся ў СІЗА-1 Мінска, пазней яго перавялі ў жодзінскую следчую турму № 8. 4 кастрычніка 2022 г. КДБ унёс журналіста ў пералік асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

Згодна з абвінавачваннем, Пачобут у медыях назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя гэтага, яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў Gazeta Wyborcza пра беларускія пратэсты ў 2020-м і тэкст у Magazyn Polski, напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне. Таксама вядома, што ўвосень 2021 года Пачобут адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

СК завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў TUT.ВY. Абвінавачаныя азнаёміліся з ягонымі матэрыяламі, хуткім часам яна будзе перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. На сённяшні дзень паводле “справы TUT.ВY” за кратамі знаходзяцца Марына Золатова і Людміла Чэкіна.

Віцебскую журналістку Жанну Жалевіч затрымалі і аштрафавалі на 100 базавых велічыняў (3 200 рублёў). На журналістку 15 лістапада склалі пратакол з нагоды допісаў "са сцягам" і "з надпісамі" ў сацсетках.

Парушэнне і падаўленне свабоды выказвання меркавання пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам

Закон аб экстрэмізме стварыў падставы для адвольнага аднясення да экстрэмізму дзеянняў практычна ўсіх асуджаных паводле палітычных матываў. Напрыканцы лістапада кіраўнік СК Дзмітрый Гора заявіў, што "актыўнасць экстрэмістаў значна знізілася". У той жа час пералік асобаў, датычных да экстрэмізму, за мінулы месяц павялічыўся больш як на 600 пазіцый, спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўніўся на амаль 80 адзінак інфармацыйнай прадукцыі, працягвае расці і спіс экстрэмісцкіх фармаванняў. 

Асобы, датычныя да экстрэмізму. На канец месяц у пераліку асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, апынулася 2 059 чалавек, то бок толькі за лістапад спіс павялічыўся больш як на чвэрць, амаль на 600 чалавек. Пры гэтым рашэнне аб уключэнні 244 чалавек было прынятае 4 лістапада, 70 — 11 лістапада, 96 — 18 лістапада, 166 — 25 лістапада. Да гэтага, у кастрычніку, спіс павялічыўся на 625 чалавек за адзін дзень — 28 кастрычніка.

У "Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян ці асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" ўключаюць як беларусаў, гэтак і грамадзян іншых дзяржаў, асуджаных паводле "злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці" пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

Як на палітвязняў, гэтак і на тых, хто на волі, статус экстрэміста накладае пэўныя абмежаванні. Уключэнне ў пералік цягне за сабой забарону на занятак дзейнасцю, злучанай з абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў, зброі і боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, педагагічнай дзейнасцю (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм), выдавецкай дзейнасцю, займаць дзяржаўныя пасады і праходзіць вайсковую службу. Таксама над асобамі, уключанымі ў Пералік, ажыццяўляюць асаблівы фінансавы кантроль.

На практыцы асуджаныя не заўсёды ведаюць, што яны занесеныя ў Пералік: у МУС і КДБ няма абавязку інфармаваць пра гэта. У прыватнасці, палітзняволены праваабаронца Леанід Судаленка дазнаўся пра гэта з жончынага ліста.

Экстрэмісцкія фармаванні. Пералік арганізацый, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, павялічыўся да 104 пунктаў. Сем новых арганізацый былі ўключаны ў пералік на падставе сямі рашэнняў Міністэрства ўнутраных спраў. Да іх адносяцца: "СБНШ (Саюз Беларускага Нацыянальнага Шчыта)", "HRODNA LIFE", "ГОБК", "Іван! Real Belarus", "Жыве Лунінец!", "Посполитое Рушение", "Страна Для Жизни".

Прызнанне групы грамадзян "экстрэмісцкім фармаваннем" адбываецца адвольна, адміністрацыйным рашэннем, без неабходнасці публічнай яго аргументацыі. Практыка прымянення гэтага артыкула выходзіць за межы разумнага, любая агульная для групы людзей прыкмета можа быць адвольна ўжытая як вызначальная сутнасць фармавання. 

Экстрэмісцкія матэрыялы. З 79 адзінак інфармацыйнай прадукцыі, дададзеных у спіс на падставе 50 рашэнняў судоў, вялікая частка па-ранейшаму з'яўляецца прадукцыяй у мэсэнджары Telegrаm: 21 канал, 7 чатаў, 6 груп. Таксама ў лістападзе было нададзена больш увагі сацыяльнай сетцы Instagram: 9 старонак былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, у тым ліку паўторнае ўключэнне ў гэты спіс старонкі Праваабарончага цэнтра "Вясна". Акрамя гэтага, у спіс патрапілі тры Yоutube-каналы і два відэаролікі, украінская музычная кампазіцыя, некалькі інтэрнэт-рэсурсаў (сайтаў).

З 79 адзінак інфармацыйнай прадукцыі, якія былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі ў лістападзе, сапраўды экстрэмісцкімі з'яўляюцца Telegram-група з назвай "Germanische ᚢ Tradition" і два наборы Telegram-стыкераў "Adolf Hitler" і "AdolfHitlerColoredStickers". Таксама прызнаннем экстрэмісцкай прадукцыяй аднаго з Telegram-каналаў правамерна абмежаваны на ім гандаль нацысцкай і неанацысцкай сімволікай і літаратурай.

Усе астатнія каналы, групы і чаты мэсэнджара Telegram са спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў за лістапад можна ахарактарызаваць як пратэсныя, "партызанскія", культурныя, нацыянальныя, дваровыя і гарадскія, яны збіраюць персанальныя звесткі праваахоўнікаў, аб'ядноўваюць і г. д. — але не адказваюць вызначэнню экстрэмізму.

Адмысловы падыход быў ужыты да "Прамень — Анархизм в Беларуси", бо ён быў прызнаны экстрэмісцкім адразу на шматлікіх платформах і сацыяльных сетках: Facebook, Twitter, Tumblr, Mastodon, Livejournal, Telegram, YouTube.

Праваабаронцы гатовыя інфармацыйна і юрыдычна падтрымліваць працэс па абскарджанні ўключэння грамадзян у спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. 

Смяротнае пакаранне

Восьмы Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання адбыўся у Берліне з 15 па 18 лістапада і аб'яднаў каля 1000 удзельнікаў з самых розных краін. На кангрэсе былі і тры беларускія праваабаронцы — прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі".

Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Лістапад 2022