Наталля Зорына. Фота з сацыяльных сетак. У судзе Партызанскага раёна Мінска 11 лістапада вынесены прысуд жыхарцы Светлагорска Наталлі Зорынай, абвінавачанай у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1. арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Міхаіл Макарэвіч.

Наталля Зорына, якой у кастрычніку споўнілася 28 год, да затрымання працавала ў Мінску вядучым спецыялістам па закупках у камерцыйнай фірме, часова пражывала ў сталіцы.

Па матэрыялах абвінавачання, Зорына прыняла ўдзел у адной з акцый пратэсту ў 2020 годзе ў Мінску, разам з іншымі мітынгоўцамі выходзіла на праезную частку праспекта Незалежнасці, публічна выкрыквала лозунгі, здзяйсняла гучныя воплескі і размахвання рукамі, наўмысна ажыццявіла блакаванне руху транспартным сродкам з дапамогай перакрыцця праезнай часткі дарогі шляхам сумеснага выхаду з іншымі грамадзянамі на палосы руху. Яе дзеянні пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту.

У судзе высветлілася, што Наталля Зорына не ад самага пачатку далучылася да пратэстоўцаў, не мела з сабой пратэснай сімволікі. Адвакат настойвам на тым, што Наталля выпадкова патрапіла на акцыю. Аднак, насуперак довадам абаронцы, Зорына ў судовым пасяджэнні прызнала віну па ўсім аб'ёме прад'яўленага ёй абвінавачвання.

Суд пастанавіў прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады.

Яе выпусцілі з зала суда пад падпіску аб нявыездзе.

Крыніца: За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту у Мінску асудзілі жыхарку Светлагорска