Міхаіл Зубкоў. Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 18 жніўня вынес прысуд Міхаілу Зубкову, якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў гвалце над супрацоўнікамі міліцыі (арт 364 Крымінальнага кодэкса).

47-гадовага Міхаіла Зубкова затрымалі 29 кастрычніка 2021 раніцай у маскоўскім метро. Яго спынілі для праверкі пашпарта, і высветлілася, што беларус - у вышуку.

Пазней стала вядома прычына затрымання. Міхаіл Зубкоў  у 2020 годзе удзельнічаў у маршах пратэсту ў Гомелі, яго затрымліваў АМАП. Тады мужчына правёў 15 сутак у ІЧУ. Больш да яго прэтэнзій з боку міліцыі не было і Міхаіл з'ехаў на працу ў Маскву.

«У жніўні да жонкі і маці Міхаіла прыйшла міліцыя — былі ператрусы, шукалі і яго самога. Потым жонку выклікалі ў СК. Следчая паказала ёй фотаздымкі з маршу і патлумачыла, што яе муж падышоў да супрацоўніка АМАП "бліжэй, чым трэба", і што ў Міхаіла на фота быў чырвоны твар. Гэта значыць "ён гатовы быў кінуцца на супрацоўніка АМАП", — распавядалі ягоныя сваякі.

6 лістапада Зубкоў быў перададзены беларускім праваахоўнікам і затрыманы.

Па матэрыялах абвінавачання – у справе некалькі эпізодаў.

Першы і другі выпадкі адбыліся 20 верасня 2020 года паблізу перасячэння вуліц Савецкай і Пушкіна ў Гомелі.

Абвінавачаны нібыта азлоблена рэагаваў на заклікі праваахоўнікаў разысціся, калі яны спрабавалі не дапусціць выхаду калоны на праезную частку.

Ён станавіўся ў баявую стойку, сціскаў кулакі. На прапанову не перашкаджаць не адрэагаваў, пры гэтым пагражаў і штурхнуў аднаго амапаўца рукой. А да другога падышоў са спіны, схапіў яго за бронекамізэльку, калі той спрабаваў затрымаць іншага пратэстоўца. Апошні ў выніку з-за гэтага ўцёк.

Трэці эпізод адбыўся 27 верасня. Зубкоў тады ўдзельнічаў у мітынгу на скрыжаванні вуліц Савецкай і Перамогі. Абвінавачваны стаяў у счэпцы, паводзіў сябе дэманстратыўна і грэбліва, ударыў супрацоўніка амапа ў грудную клетку.

На судзе мужчына казаў: тое, што адбывалася ў тыя дні, было ўсяго толькі мірным мерапрыемствам, усё проста гулялі па вуліцах, ён у тым ліку. Спрабаваў запэўніваць, што нібыта не меў ніякага намеру ўжываць да кагосьці гвалт, усё адбылося выпадкова.

Сваю віну ў судовым працэсе не прызнаў.

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў Міхаіла Зубкова вінаватым у гвалце і пагрозах яго прымянення ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у мэтах перашкоджання іх законнай дзейнасці і прызначыў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Крыніца: Прысуд у Гомелі: удзельнічаў у акцыях пратэсту, прымяніў гвалт да трох супрацоўнікаў АМАП