Аляксей Багдзей. Напачатку ліпеня суд Ленінскага раёна Гродна вынес суровы прысуд 21-гадоваму юнаку Аляксею Багдзею. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або узброеным супрацівам прадстаўнікам улады (арт. 293 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Максім Галубовіч.

З матэрыялаў абвінавачання вядома, што Аляксей Багдзей у жніўні 2020 года ў тэлеграм-канале «Гродна для жыцця» размяшчаў тэкставыя паведамленні, якія змяшчалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў, пісаў пра выраб кактэйляў “Молатава”, заклікаў да звяржэння дзеючай улады, прымянення гвалту, блакіроўкі праездаў, аказання супраціву прадстаўнікам улады.

У адпаведнасці з высновамі судовай лінгвістычнай экспертызы у тэкставых паведамленнях маюцца выказванні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў і дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды адной групы па адносінах да іншай групы асоб.

Пад час суду Багдзей віну прызнаў цалкам, але ад дачы паказанняў адмовіўся.

14 чэрвеня Аляксея Багдзея КДБ ўнёс ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

Суд пастанавіў прызнаць Багдзея вінаватым у падрыхтоўцы да арганізацыі масавых беспарадкаў па ч.1 арт. 13  і ч.1 арт.293 Крымінальнага кодэкса і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін шэсць гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

4 жніўня ў Гарадзенскім абласным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Багдзея, але цуду не адбылося: прысуд пакінуты без зменаў, а скарга без задавальнення.

Крыніца: За заклікі да супраціву і гвалту гарадзенца асудзілі на шэсць год калоніі ўзмоцненага рэжыму