Канстанцін Байсараў. Крыніца: сацсеткі 1 ліпеня суд Брэсцкай вобласці вынес прысуд Канстанціну Байсараву, якога абвінавачваюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці".

Судовае пасяджэнне ўзначаліў Андрэй Лешчанка, бок абвінавачвання падтрымліваў пракурор Аляксей Ярошык.

Вядома, што Канстанціну Байсараву 23 года. У віну яму ставяць тое, што 27 лютага, праз некалькі дзён пасля ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну, хлопец зняў відэа з вайсковым самалётам, які пралятаў над тэрыторыяй Беларусі, і даслаў яго ў чат-бот "экстрэмісцкага" тэлеграм-канала.

Пазней гэтае відэа было размешчана ў тым самым тэлеграм-канале. У выніку, як аўтара відэароліка, Канстанціна прыцягнулі да адказнасці і распачалі ў дачыненні да яго крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 361-4 КК РБ (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Першае судовае пасяджэнне па справе Байсарава, якое адбылося яшчэ 14 чэрвеня, прайшло ледзьве не ў таемным рэжыме — у раскладзе Брэсцкага абласнога суда яно так і не з'явілася.

Аб тым, што яно ўсё ж адбылося, пракурор паведаміў журналістам аднаго з дзяржтэлеканалаў.

1 ліпеня суд Брэсцкай вобласці прызнаў Канстанціна Байсарава вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 361-4 КК РБ, прысудзіўшы яму 2 года калоніі з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму.

Абвінавачанага ўзялі пад варту ў залі суда.

Нагадаем, пасля ўступлення прысуду ў сілу, у адпаведнасці з п. 85 КВК РБ, атрымліваць грашовыя пераводы, пасылкі і бандэролі ад несваякоў вязні не могуць. Але вы заўседы можаце падтрымаць Канстанціна лістамі салідарнасці.

Адрас такі: СІЗА-7, Брэст вул. Савецкіх памежнікаў 37, 224030. Канстанціну Уладзіміравічу Байсараву.

«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Крыніца: Пінчук даслаў у "экстрэмісцкі" телеграм-канал відэа з ваенным самалётам — правялі "таемны суд" і пакаралі двума гадамі калоніі