Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 06 Люты 2023

Бард Андрэй Мельнікаў адбыў адміністрацыйны арышт за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Сталі вядомыя падрабязнасці пра затрыманне Андрэя Мельнікава – журналіста і барда, заснавальніка фэсту «Аршанская бітва», забароненага ўладамі. 5 лютага ён выйшаў на волю і распавёў, што яго затрымалі 26 лютага пасля выкліку ў пастарунак. Там яго пазнаёмілі з пратаколам, складзеным паводле арт. 19.11 КаАП і адразу ж узялі пад варту. Калі Мельнікаў перастаў выходзіць на сувязь, сваякі, занепакоеныя ягоным лёсам, звярнуліся ў міліцыю. І толькі праз тры дні ім паведамілі, што спадар Андрэй знаходзіцца ў ІЧУ, але – нібыта за хуліганства.

Насамрэч вядомага барда асудзілі на 10 сутак за рэпост з аднаго з так званых «экстрэмісцкіх рэсурсаў» на старонку ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники». Выйшаўшы на волю, Андрэй Мельнікаў падзякаваў усім, хто хваляваўся за яго, праз Фэйсбук.

Мельнікава часта называюць менавіта «аршанскім бардам», бо ў Оршы ён правёў дзяцінства і маладосць, менавіта там запісаў свае першыя альбомы пра падтрымцы мясцовых актывістаў, а потым пераехаў у Гомель. Разам з аршанскім гісторыкам Юркам Копцікам бард Андрэй Мельнікаў заснаваў фестываль беларускай аўтарскай песні «Аршанская бітва». Ён штогод праходзіць пад Оршай у першыя выходныя верасня, бо прысвечаны славутай бітве, якая адбылася 8 верасня 1514г. Тады войска ВКЛ перамагло ўтрая большае войска Маскоўскага княства.

У першыя гады беларускай незалежнасці фэст быў вельмі папулярны, на яго з’язджаліся сотні людзей, а Мельнікава і Копціка дагэтуль паўжартам, але з павагай называюць «бацькам і маці фэсту». Аднак гістарычная праўда пра беларускую вайсковую перамогу падалася шкоднай у справе памкнення дзяржаўных уладаў наладзіць цесныя стасункі з Расеяй, і фэст забаранілі. Арганізатараў і ўдзельнікаў некалькі год запар затрымлівалі за спробы сабрацца на гістарычным Крапівенскім полі, і фэст вымушана перайшоў «у падполле». Але Андрэй Мельнікаў імкнецца штогод у першыя вераснёўскія дні наведаць Аршаншчыну і выступіць у вузкім коле слухачоў.

Юрка Жмых