Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 19 Май 2022

Затрыманы старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазнякоў. Прычына невядомая

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Максім Пазнякоў Максім Пазнякоў

Паводле тэлеграм-канала «Стачка Нафтана», Максіма Пазнякова затрымалі ранкам 17 траўня каля дзіцячага садку, куды лідар недзяржаўнага прафсаюзу адводзіў сваіх дзяцей. Затрыманне праводзілі людзі ў цывільным, якія пад’ехалі на аўтамабілі без апазнавальных знакаў.

Праваабаронцы мяркуюць, што Максім Пазнякоў знаходзіцца за кратамі па адміністрацыйным абвінавачанні. Трымаць чалавека да суду беларускае заканадаўства дазваляе да 72-х гадзін. У чым канкрэтна вінавацяць прафсаюзнага лідара, застаецца невядомым.

Летась Максім Пазнякоў быў затрыманы і асуджаны да штрафу памерам 30 базавых велічынь паводле ч.2 артыкула 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці»). Падставай сталі рэпосты ў сацыяльных сетках, зробленыя яшчэ тады, калі матэрыялы, згаданыя ў справе, яшчэ не былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Днём раней, 21 верасня 2021 году, адбыўся ператрус у офісе «пяршоўкі» БНП на ААТ «Нафтан».

Не выключана, што затрыманне Максіма Пазнякова можа быць звязанае з крымінальнай справай, у межах якой цягам апошніх месяцаў былі затрыманыя іншыя лідары і актывісты недзяржаўных прафсаюзаў. 

13 траўня праваабаронцы прызналі 10 актывістаў прафсаюзнага руху палітзняволенымі.

Міхась Хмара