Друкаваць гэтую старонку
Серада, 23 Люты 2022

У Лепелі затрымалі віцебскага лекара Уладзіміра Мартава

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Уладзімір Мартаў Уладзімір Мартаў

Былога загадчыка аддзялення рэанімацыі Віцебскага клінічнага шпіталю хуткай дапамогі Уладзіміра Мартава затрымалі 22 лютага на ягоным лецішчы ў Лепелі. Пра гэта журналістам паведаміла журналістам ягоная жонка. Па ейных звестках, Мартаў зараз знаходзіцца ў ІЧУ Лепеля. Суд, магчыма, адбудзецца, 23 лютага.

Вядома, што абвінавачваюць Уладзіміра Мартава ў парушэнні артыкулу 24.23 КаАП. Іншыя падрабязнасці пакуль невядомыя.

Як стала вядома, ягоная жонка Алена паехала 23 лютага да мужа ў Лепель, хацела перадаць яму лекі. Ён гіпертонік, і гэтыя лекі патрэбныя яму пастаянна. Аднак лекі перадаць не дазволілі.

«Сказалі, калі раптам вашаму мужу стане кепска, то выклічам хуткую дапамогу», – расказала Алена Мартава.

Да красавіка 2021 году Уладзімір Мартаў узначальваў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі віцебскай абласной лякарні хуткай дапамогі. Год таму яго звольнілі. Жыхары Віцебску збіралі подпісы з просьбай не звальняць лекара, аднак іх просьба не была пачутая.

У першую хвалю COVID-19 Мартаў публічна і шчыра расказваў пра сітуацыю ў сваёй лякарні — пра тое, што са сродкамі індывідуальнай абароны дапамагаюць пераважна валанцёры, а дзяржава пакінула медыкаў сам-насам з нявывучанай хваробай. Незадоўга да звальнення Мартаў таксама публічна расказаў пра адключэнні кіслароду ў БХМД у Віцебску, якія прывялі да сур'ёзных наступстваў для пацыентаў. Ён звяртаўся да Піневіча, але надзвычайнае здарэнне "замялі пад дыванок". А самога Мартава неўзабаве звольнілі.

Павел Птах