Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 04 Чэрвень 2021

73-гадовага Барыса Хамайду кінулі за краты на 8 сутак

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

Вядомага віцебскага дысідэнта і распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду асудзілі на 8 сутак адміністрацыйнага арышту. Пра гэта 4 чэрвеня паведамілі ў Чыгуначным РАУС Віцебску людзям, якія шукалі Хамайду пасля затрымання днём раней. 73-гадовы мужчына знаходзіцца зараз у ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ).

Цягам апошніх 10 дзён Барыса Хамайду, які выходзіў да «сіняга дому» ў Віцебску, каб распаўсюджваць беларускамоўную літаратуру і прэсу, затрымлівалі тры разы. Пасля затрыманняў 27 траўня і 1 чэрвеня яго праз некалькі гадзін выпускалі з пастарунку, зрабіўшы папярэджанні, якія тычыліся выкарыстання бел-чырвона-белага парасону і стужкі такіх жа колераў. Але 4 чэрвеня Барыс Хамайда па затрыманні на волю ўжо не выйшаў. Мясцовыя актывісты мяркуюць, што Хамайду маглі адмыслова схаваць ад вачэй кіраўніка беларускага КДБ Івана Церцеля, які 3 чэрвеня праводзіў у Віцебску перамовы са сваім расейскім калегам.

Пра тое, што Барыс Хамайда ўжо асуджаны на 8 сутак, даведаліся актывісты, якія зранку 4 чэрвеня чакалі разбору ягонай справы ў судзе Чыгуначнага раёну. У судзе пра гэта нічога не паведамілі, інфармацыяй падзяліліся ў Чыгуначным РАУС. Калі адбыўся суд і якую канкрэтна віну выставілі апазіцыянеру, невядома. Цалкам магчыма, што разгляд справы Хамайды адбыўся яшчэ ўвечары 3 чэрвеня. Найверагодней, яго прызналі вінаватым у несанкцыянаваным пікетаванні (арт. 24.23 КаАП) з выкарыстаннем сімволікі бел-чырвона-белых колераў. Вядома, што 3 чэрвеня парасон і стужку ў Хамайды канфіскавалі. 

Барыс Хамайда апынуўся ў ІЧУ без лекаў, якія яму неабходныя для постковіднай рэабілітацыі. Раней ён правёў у лякарні 25 дзён з двухбаковым запаленнем лёгкіх – наступствам каронавірусу. Выпісаўся 17 траўня.

Барыс Хамайда мусіць выйсці на волю 11 чэрвеня.

Зміцер Міраш