Друкаваць гэтую старонку
Субота, 04 Красавік 2020

Арцыбіскуп Кандрусевіч: Удзельнічайце ў набажэнствах Вялікага тыдня праз СМІ

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Фота: catholic.by Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Фота: catholic.by

Старшыня Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 3 красавіка заклікаў вернікаў у сувязі з пандэміяй каронавірусу ўстрымацца ад наведваньня касьцёлаў і ўдзельнічаць у сьвяточных набажэнствах з дапамогай анлайн-трансляцый, паведамляе catholic.by.

«Зьвяртаюся да вернікаў, асабліва да людзей старэйшага ўзросту, асобаў з сымптомамі хваробы і да тых, хто адчувае страх заражэньня, з просьбай у гэтыя складаныя дні карыстацца дыспэнсай, дадзенай раней, заставацца ўдома і ўдзельнічаць у набажэнствах Вялікага тыдня праз сродкі масавай камунікацыі», – піша арцыбіскуп Кандрусевіч у адмысловым паведамленьні, скіраваным духавенству і вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч выдаў 31 сакавіка адмысловае распараджэньне наконт цэлебрацыі Вялікага тыдня ва ўмовах эпідэміі каронавірусу. Паводле дакумэнту, набажэнства Пальмовай нядзелі «правесьці згодна са звычайным парадкам з працэсіяй» або «зважаючы на існыя ўмовы, паводле разважлівага меркаваньня пробашча, без працэсіі». На імшы Апошняй Вячэры будзе выключаны абрад абмыцьця ног. Бласлаўленьне велікодных страваў адбудзецца як звычайна. Пасхальная вігілія будзе адпраўляцца паводле звычайнага парадку.

«У гэтае распараджэньне могуць быць унесеныя зьмены, калі таго будзе патрабаваць сытуацыя», – папярэджвае біскуп Буткевіч.

Як паведаміў 3 красавіка katolik.life, у Докшыцах на пнэўманію захварэлі два каталіцкія манахі-капуцыны і некалькі вернікаў мясцовай парафіі. Паводле інфармацыі рэсурсу, у іх узялі тэсты на COVID-19, але вынікі пакуль невядомыя.

Каталікі адзначаюць Вялікдзень 12 красавіка. Сьвяту папярэднічае Вялікі тыдзень. Раней паведамлялася, што ўсе набажэнствы Пасхальнага трыдуўму пакажуць па тэлебачаньні. 

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.