Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 24 Верасень 2019

Аршанцы атрымалі адказ на пэтыцыю супраць будаўніцтва царквы ў Задняпроўі

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Меркаваная царква ў Воршы Меркаваная царква ў Воршы

Аршанскі райвыканкам адказаў на электронны зварот жыхароў Воршы, у якім яны патрабавалі забараніць будаўніцтва ў горадзе праваслаўнай царквы на вуліцы Язэпа Драздовіча ў Задняпроўі. “Колькасьць праваслаўных храмаў, неабходных для правядзеньня набажэнстваў, вызначае Царква без умяшаньня дзяржавы…” – гаворыцца ў адказе.

Аўтары пэтыцыі зьвярталі ўвагу на тое, што горад ня мае патрэбы ва ўзьвядзеньні новай культавай пабудовы – праваслаўных цэркваў у Воршы дастаткова. Між тым, ацалелы корпус былога Базыльянскага кляштара ніяк не аднаўляецца, а тэрыторыя былога Куцеінскага манастыра “выглядае вельмі сьціпла”.  

“Ідзе поўнае ігнараваньне зваротаў жыхароў Воршы і зьнявага гісторыі гораду”, – сьцьвярджалася ў звароце.

Намесьнік старшыні Аршанскага райвыканкаму Віктар Калачоў у адказе на пэтыцыю піша, што грамадзкае абмеркаваньне праекту будаўніцтва храма Сьвяціцеля Мікалая Цудатворца скончылася 25 жніўня і што ніякіх прапановаў ці заўваг наконт праекту ад грамадзян не паступала.

Чыноўнік спасылаецца таксама на Закон “Аб свабодзе сумленьня”, паводле якога рэлігійныя арганізацыі валодаюць правам уласнасьці на маёмасьць, створаную за ўласныя сродкі. Паводле інфармацыі райвыканкаму, абшчына Сьвяціцеля Мікалая Цудатворца асабістыя сродкі для будаўніцтва новага храму мае.

“Колькасьць праваслаўных храмаў, неабходных для правядзеньня набажэнстваў і зьдзяйсьненьня рэлігійнай дзейнасьці, вызначае Царква без умяшаньня дзяржавы і безь якіх-небудзь нарматываў, зыходзячы з колькасьці, шчыльнасьці насельніцтва, адлегласьці храмаў альбо іх крокавай даступнасьці”, – гаворыцца ў адказе Аршанскага райвыканкаму.  

Наконт неабходнасьці рэстаўрацыі будынку былога Базыльянскага кляштара Віктар Калачоў паведаміў толькі, што гэты будынак зьяўляецца ўласнасьцю Беларускай праваслаўнай царквы і “знаходзіцца ў апэратыўным упраўленьні рэлігійнай абшчыны “Прыход Сьвята-Пакроўскага храму г. Воршы Віцебскай епархіі БПЦ”.

Храм Сьвяціцеля Мікалая Цудатворца стане ўжо 10-й праваслаўнай царквой у Воршы.

Пад пэтыцыяй супраць будаўніцтва храму падпісаліся каля 200 чалавек.   

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.