Друкаваць гэтую старонку
Серада, 17 Жнівень 2016

Дэлегацыя рабінаў наведае Лёзьненскі і Дубровенскі раёны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Паводле інфармацыі прэс-службы Фэдэрацыі габрэйскіх грамадаў Расеі, каля 500 юдэйскіх сьвяшчэньнікаў прыедуць 21 жніўня ў Маскву і пабываюць у наступныя дні ў Смаленску, Любавічах (Смаленская вобласьць), Лёзьне і Лядах (Беларусь), а таксама ў Алматы, паведамляе партал «Інтэрфакс-Рэлігія».

У гэтых гарадох рабіны наведаюць магілы праведнікаў, зьвязаных з гісторыяй хасыдызму, і возьмуць удзел у калектыўных малітвах і некалькіх урачыстых імпрэзах.

Удзельнікі зьезду, які арганізуецца пад эгідай ФГГР і галоўнага рабінату ў Расеі, абмяркуюць меры процідзеяньня тэрарызму, праблемы антысэмітызму ў Эўропе, становішча габрэйскіх грамадаў, наступствы палітыкі «адчыненых дзьвярэй» для ўцекачоў у ЭЗ, а таксама пытаньні вядзеньня міжнацыянальнага і міжрэлігійнага дыялёгу.

Лёзна – невялікае мястэчка, нават па мерках беларускіх раённых цэнтраў. Замежных турыстаў да нядаўняга часу тут зусім ня бачылі. І калі на рубяжы XXI стагодзьдзя зьявілася ў Лёзьне першая турыстычная група зь Нямеччыны, на іх глядзелі, як на прыхадняў зь іншай плянэты.

Некалькі гадоў таму на будынку раённага Дому культуры прымацавалі мэмарыяльную дошку. На ёй напісана: «На гэтым месцы знаходзілася сядзіба сям'і, зь якой паходзіў мастак Марк Шагал». І толькі пасьля гэтага ў Лёзна зачасьцілі кінэматаграфісты. З Расеі, Францыі і нават далёкай Японіі. Дарэчы, японцы ўжо двойчы прыяжджалі сюды. Спадабаўся ім гарадок Шагала. Здымалі фільм, дзе дакумэнтальныя кадры суседнічаюць з мастацкімі. Сёньня Лёзна запісанае ў маршрутах шмат якіхтурыстычных групаў.

Першыя габрэі пасяліліся ў Лёзьне, калі гэты гарадок належаў Льву Самуэлю Агінскаму. Наўрад ці сёньня нехта ўсё ж назаве дату, калі гэта адбылося, не захавалася дакумэнтаў, але прыблізна было гэта ў першай чвэрці сямнаццатага стагодзьдзя. У 1745 годзе тут у сям'і Боруха Позьнера і яго жонкі Рыўкі нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Шнэер-Залман. Гэты чалавек стане заснавальнікам новага рэлігійна-філязофскага вучэньня хабад, першым Любавіцкім рабінам, родапачынальнікам дынастыі духоўных лідэраў габрэйскага сьвету.

Лёзьненскі хлопчык Шнэер-Залман вельмі рана выявіў дзіўныя здольнасьці. Бацька аддаў яго ў школу мясцовага талмудыста, але той адмовіўся быць настаўнікам юнага Шнэера-Залмана, які пераўзыходзіў яго ведамі. А праз год мясцовы рабін ў пратаколе Лёзьненскай грамады ад 1760 году назаве хлопчыка «дзіўным навукоўцам, геніем, выкшталцоным у талмудысцкай казуістыцы».

Яго называлі Алтэр рэбэ, што ў перакладзе на беларускую мову азначае «стары настаўнік». Ён заснаваў у Лёзьне школу для абраных ім вучняў. Яе называлі акадэміяй.

Калі верыць статыстыцы, то ў Лёзьне ў 1880 годзе пражывала 1536 жыхароў, зь іх габрэі складалі каля 65 адсоткаў. А дакладней 997 чалавек. Уключаючы, натуральна, і шматлікую сям'ю Шагалаў. У мястэчку было 4 габрэйскія малітоўныя дамы і габрэйская вучэльня... Дык што не выпадкова беларускае мястэчка вырашылі наведаць рабіны Эўропы.

Ляды – вёска ў Дубровенскім раёне, таксама зьвязаная з імем Шнэера-Залмана, дзякуючы чаму яна ўключаная ва ўсе габрэйскія энцыкляпэдыі і вядомая па ўсім сьвеце. Гэтае мястэчка нават называюць «фартэцыяй хасыдызму».

belaruspartisan.org