Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 27 Студзень 2015

Віцебчукі працягваюць абскарджваць штрафы за фотаздымкі на фоне графіці

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прызнаўшы фотасесію на фоне гарадскога графіці несанкцыянаваным пікетаваньнем, суд Чыгуначнага раёна Віцебска аштрафаваў шэсьць удзельнікаў. Спробы абскардзіць гэта рашэньне ў абласным судзе посьпеху не мелі. Цяпер пададзеня скаргі на імя старшыні абласнога суда.

Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, удзельнікі фотасесіі вырашылі давесьці справу да канца – калі прыйдзецца, то зьвярнуцца і ў Камітэт па правах чалавека ААН: “Былі спробы аспрэчыць рашэньне суда першай інстанцыі – не атрымалася. Тады мы паспрабавалі зьвярнуцца да старшыні абласнога судв, каб адкласьці час выкананьня рашэньня, пакуль ён не азнаёміцца з нашымі справамі. Але і тут усе атрымалі адмовы. Вырашылі зьвярнуцца ў раённы суд, каб нам дазволілі заплаціць штраф у растэрміноўку, бо ў аштрафаваных не такія вялікія прыбыткі, каб адным разам сплаціць больш як па тры мільёны рублёў – і тут адмовілі”.

Павел Левінаў таксама быў адным з удельнікаў фотасесіі, якая прайшла ў Віцебску ў пачатку лістапада 2014 года. Удзельнікі вырашылі сфатаграфавацца на фоне вядомага ў горадзе графіці – малюнка трох клетак, зь якіх вырываюцца на волю птушкі, зробленыя з газеты. Каб працягнуць тэму свабоды прэсы, узьнятую невядомым мастаком, людзі на фотаздымках таксама трымалі ў руках хто папярэвыя клеткі, а хто – зробленых з газет птушак-арыгамі.

Гэтыя фотаздымкі трапілі ў інтэрнэт 5 лістапада, калі ў сьвеце праводзілася міжнародная кампанія салідарнасьці “Станем за журналістыку”. Удзельнікаў фотасесіі, сярод якіх былі і праваабаронцы, і журналісты, і грамадскія актывісты, аштрафавалі як удзельнікаў несанкцыянаванага пікетаваньня. Фотасесія прайшла без увагі міліцыі, але праз два тыдні пасьля зьяўленьня фотаздымкаў у інтэрнэце ўсіх, каго пазналі па фота, выклікаў начальнік аддзела аховы прафілактыкі і правапарадку міліцыі Чыгуначнага раёна Аляксандр Рыбакоў. Ён апытваў удзельнікаў фотасесіі, і, нягледзячы на іх тлумачэньні, складаў пратаколы правапарушэньня.

На судзе над кожным удзельнікам фотасесіі маёр міліцыі Рыбакоў быў адзіным сьведкам. Ён казаў, што загад разабрацца зь людзьмі на фотаздымках атрымаў ад свайго кіраўніцтва з абласной управы МУС, і што, на ягоную думку, удзельнікі фотасесіі “выказвалі свае грамадска-палітычныя інтарэсы”. Тое, што ўсе людзі маюць права на свабоднае выказваньне ўласных думак, не ўлічыў ні міліцыянт, ні суд. Штраф памерам 20 базавых велічыняў атрымалі журналісты Алена Сьцяпанава (судзьдзя Дзяніс Губанаў), Кастусь Мардзьвінцаў (судзьдзя Алена Цыганкова), Зьміцер Казакевіч (судзьдзя Алена Цыганкова). Штраф памерам 18 базавых велічыняў прысуджаны актывістцы аргкамітэта па стварэньні партыі БХД Алене Шабуні (судзьдзя Дзяніс Губанаў), віцебскай каардынатарцы аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяне Севярынец і праваабаронцу Паўлу Левінаву былі прысуджаны штрафы памерам 25 базавых велічыняў (судзьдзя Алена Цыганкова). Гэтая ж судзьдзя пакарала трыма суткамі арышту жыхара Віцебска Пятра Бярлінава – выпадковага мінака, які далучыўся да фотасесіі віцебскіх журналістаў і актывістаў.

Сплаціць штрафы ў растэрміноўку не дазволілі нікому з вышэй пералічаных асоб. Судзьдзі суду Чыгуначгнага раёну не ўлічылі, што сярод аштрафаваных ёсьць беспрацоўныя, пенсіянеры зь невялікай пенсіяй, прыкладам, як Тацяна Севярынец, а Алена Шабуня зьяўляецца інвалідам 3-й групы па зроку, і таксама жыве на адну пенсію, пры гэтым яна адна гадуе траіх дзяцей, двое зь якіх – непоўнагадовыя.

“Я ўжо спрабаваў аспрэчыць рашэньне пра адмову ў растэрміноўцы, — кажа Павел Левінаў. Паказаў квіток, што атрымліваю пенсію, і другі – што 600 тысяч мушу плаціць толькі за камунальныя паслугі. Паказаў пасьведчаньне аб сьмерці бацькі, якога толькі нядаўна пахаваў, а гэта, як вядома, таксама вялікія выдаткі… Аднак судзьдзя Алена Цыганкова так і не знайшла дастатковых падстаў, каб дазволіць пагашэньне штрафаў цягам некалькіх месяцаў – ні для мяне, ні для астатніх. Да нас ставяцца так, нібыта мы нанесьлі дужа вялікую шкоду гораду і правапарадку ў ім, усяго толькі сфатаграфаваўшыся на фоне графіці! Нідзе ў сьвеце за падобныя фотаздымкі не караюць”.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"